Ёсць словы вельмі важныя: свет, зямля, праца, свабода, хлеб…Ёсць родныя, дарагія словы: мама, тата, сябар, бабуля, дзядуля, Радзіма… Што ж азначае слова настаўнік? Настаўнік — гэта інжынер чалавечых душ, архітэктар характару, лекар хвароб росту, трэнер інтэлекту і памяці. Настаўнікі занятыя падрыхтоўкай нашай будучыні, яны выхоўваюць тых, хто заўтра зменіць наша цяперашняе пакаленне.
Дзяржыншчына ганарыцца сваімі настаўнікамі. І хочацца, каб шэрагі іх папаўняліся маладымі спецыялістамі. А галоўнае – людзьмі зацікаўленымі, адданымі сваёй прафесіі.
Таму ўпершыню за шмат гадоў у нашым раёне на базе ДУА “ Гімназія г. Дзяржынска” адкрываецца міжшкольны педагагічны клас, вучні якога будуць мець магчымасць пазнаёміцца з прафесіяй настаўніка, набыць веды для паступлення ў педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
У суботу, пятага верасня, прайшла сустрэча вучняў з настаўнікамі, якія расказалі пра свой жыццёвы шлях у педагагічнай дзейнасці. Ганаровымі гасцямі сустрэчы былі намеснік начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму Апраніч Таццяна Валянцінаўна, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі спорту і турызму Паўхлеб Людміла Станіславаўна, загадчык кафедрай гісторыі Беларусі і славянскіх народаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вялікі Анатолій Фёдаравіч. Цікавыя расказы, выступленні артыстаў гімназіі ператварылі сустрэчу ў педагагічнае свята.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце І.І. Асадчая