5 кастрычніка на базе нашай гімназіі былі арганізаваны і праведзены вучэбныя заняткі па тэме “Стварэнне аптымальных умоў для арганізацыі актыўнага ўзаемадзеяння сям’і і школы” для настаўнікаў пачатковых класаў Мінскай вобласці, якія праходзяць курсы павышэння кваліфікацыі ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.
Дырэктар гімназіі Людміла Станіславаўна Паўхлеб прадставіла наш дружны калектыў пачаткоўцаў, расказала пра дасягненні вучняў і настаўнікаў у творчых конкурсах і прадметных алімпіядах.
Вольга Уладзіміраўна Мардасевіч і Наталля Францаўна Голуб паказалі формы арганізацыі педагагічнага ўзаемадзеяння з бацькамі малодшых школьнікаў праз выхаваўчую мадэль “Арыенцір” і сямейны клуб “Мама, тата, я – чытаючая сям’я”.
Алена Аляксандраўна Голец прадэманстрыравала інтэрактыўныя формы арганізацыі і правядзення бацькоўскіх сходаў у пачатковай школе. У ролі бацькоў выступілі ўдзельнікі семінара, вынікам якога з’явіўся калаж “Шчаслівая сям’я”.
Педагог-псіхолаг Ганна Міхайлаўна Кандыбайла правяла псіхалагічны практыкум па ўзаемадзеянню “школа – вучань – бацькі”.
Цікава і захапляльна прайшло выхаваўчае мерапрыемства ў 2 “А” класе “Все профессии важны, все профессии нужны”. Жанна Жанаўна Русель разам са сваімі выхаванцамі спрабавалі вызначыць, якая ж прафесія самая важная і патрэбная.
Гімназічны тэатр “ГІМТ” на базе 4 “А” класа (кіраўнікі: Карвоўскі Ю.А., Мардасевіч В.У.) прадставіў удзельнікам мерапрыемства спектакль “Твая Сінья” па матывах твора Ж.Амаду “Гісторыя кахання паласатага ката і ластаўкі Сіньі” , які закрануў сэрцы гледачоў глыбокімі эмацыянальнымі пачуццямі.
Напрыканцы ўдзельнікі семінара выказалі шчырыя словы падзякі за дадзеную магчымасць пашырыць кампетэнтнасць настаўніка.
Мазур Н.І., кіраўнік МА настаўнікаў пачатковых класаў