Главная » Навiны » ПАМЯЦІ ЯКУБА КОЛАСА

ПАМЯЦІ ЯКУБА КОЛАСА

Жыві, мілы Колас,

Многа летаў, зімаў.

З ясным сонцам побач.

На зямлі радзімай.

(Янка Купала)

Шчаслівай стала беларуская зямля, таму што ў далёкім 1882 годзе нарадзіўся Якуб Колас – выдатны народны паэт, без якога немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру. І вось ужо больш стагоддзя людзі захапляюцца мілагучнасцю і непаўторнасцю паэзіі Якуба Коласа.

Шмат сэнсу i чалавечага цяпла ў псеўданіме – Колас. Колас – гэта хлеб, гэта само жыццё. І сапраўды, творчасць і жыццё пісьменніка цесна звязаны з роднай зямлёй, сталі неад’емнай часцiнкай свайго народа.

Іменем Якуба Коласа названы вуліцы, плошчы, установы, яму прысвечаны мастацкія творы. Але самым лепшым помнікам яму будзе, калі мы ўдумліва прачытаем яго кнігі і ўзбагацім сябе іх мудрасцю.

Для навучэнцаў 7-х класаў прайшла літаратурна-гульнявая віктарына «Гуляем з дзядзькам Якубам», якая была прысвечана 140-годдзю са дня нараджэння славутага беларускага пісьменніка. Вучні даведаліся пра малую радзіму пісьменніка — вёску Акінчыцы, што на Стаўбцоўшчыне, дзе нарадзiўся i атрымаў першае творчае натхненне таленавiты сын простага палясоўшчыка — маленькi Кастусь Мiцкевiч, якi пад псеўданiмам Якуб Колас праславiў на ўвесь свет свой неверагодна маляўнiчы край. Навучэнцы адказвалі на пытанні па біяграфіі і творчасці пісьменніка, пазнавалі па цытатах творы славутага класіка беларускай літаратуры, складалі вершы-сінквейны, збіралі гекса-пазлы.

У Год гістарычнай памяці вельмі важна захоўваць памяць пра нашых вядомых аўтараў, знаёміць дзяцей і моладзь з нацыянальнай спадчынай, у тым ліку і культурнай, і літаратурнай.

Памятаць аб мінулым – значыць аддаваць даніну вялікім людзям, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё краіны. Такімі па праве з’яўляецца Якуб Колас. Ён пранёс праз усё жыццё высокія ідэалы гуманізму, дабра і справядлівасці, аддаў народу свой талент, сваю душу і сэрца.

Рудэнка Р.Г., настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Прапаноўваю вам праверыць свае веды, выканаўшы тэст: “Што вы памятаеце пра Якуба Коласа?” Праходзьце тэст і аднаўляйце забытыя веды!


Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Оценить на Портале рейтинговой оценки качества оказания услуг
alt=“”
Дз Колледж