Главная » Навiны » Канікулы – час для вывучэння роднага краю

Канікулы – час для вывучэння роднага краю

3 кастрычніка гімназісты здзейснілі займальнае падарожжа ў горад Полацк – месца, дзе ажывае гісторыя. Толькі ўявіце: па гэтых вуліцах шмат стагоддзяў таму гулялі і любаваліся Сафіяй Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі. Атмасфера гісторыі і культуры лунае ў паветры…
Падчас экскурсіі навучэнцы 9 «Б», 9 «В» і 7 «М» класаў наведалі самыя яркія славутасці горада. Сярод іх Сафійскі сабор, Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, Музей кнігадрукавання, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Падлеткі пазнаёміліся з гісторыяй ўзнікнення помнікаў архітэктуры, жыццём і дзейнасцю Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага. Трапілі на канцэрт арганнай музыкі, дзе былі неверагодна ўражаныя глыбінёй і сілай гэтага музычнага інструмента. Многія ўпершыню ўбачылі і пачулі арган.
Асабліва захапіла і зацікавіла экскурсія ў Музей кнігадрукавання, у якім падлеткі пачулі паданні пра першых князёў, убачылі старадаўнія рукапісы і кнігі, надрукаваныя Францыскам Скарынам, пазнаёміліся з працэсам стварэння паперы і кніг на друкаванай аснове.
Разам з тым здзейснілі аглядна-пешаходную экскурсію па горадзе Полацку, дзе сустрэлі: помнікі Героям 1812 года, Усяславу Чарадзею, Францыску Скарыну, Сімяону Полацкаму, літары «У нескладовае»- сімвалу і ўнікальнасці беларускай мовы, пабывалі ў геаграфічным цэнтры Еўропы, і шмат чаго яшчэ!
Падарожжа працягнулася наведваннем Полацкага Калегіума. Убачылі скульптуры «Полацкі студэнт» і «Прафесар Акадэміі», пацерлі падручнікі студэнта ў надзеі атрымліваць адны «дзясяткі».
Не абышлося без містыкі: Механічная галава, створаная па выяве і падабенству галавы старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата, адказвала на хвалюючыя пытанні, а таксама пажадала нашым навучэнцам паспяхова вучыцца.
У завяршэнні нашага падарожжа ва ўніверсітэцкім дворыку змаглі ўбачыць, як ажывае ўнікальны гадзіннік, кінуць манеткі ў чароўную студню, загадаўшы жаданне : «Працягваць вандроўкі па нашай роднай Беларусі!».
Навучэнцы і педагогі атрымалі вялікую колькасць новай цікавай інфармацыі і станоўчых эмоцый. Дадому вярталіся стомленыя, але шчаслівыя.
Рудэнка Р. Г., класны кiраўнiк 7 «М» класа,  Трацэўская Л. Б., класны кiраўнiк 9 «Б» класа,

Уколава I. Т., класны кiраўнiк 9 «В» класа


Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Оценить на Портале рейтинговой оценки качества оказания услуг
alt=“”
Дз Колледж