
Напружаная цішыня ў зале…
Роў сірэны… Нямецкая гаворка… Аўтаматная чарга… Брэх сабак… То замірае, то ўсхвалявана б’ецца сэрца…
У іх атрымалася ? Іван і Джулія сапраўды змаглі вырвацца з фашысцкага пекла сярод Альпаў? Але што далей? Горы, холад, крыху хлеба на дваіх…Чырвоныя макі — кропелькі крыві ці сімвал надзеі? Безвыходнасць ? Смерць?
Не! Трэба выжыць! Галоўнае – выжыць! Выжыць, каб быць шчаслівымі!
Вось якія думкі апаноўвалі дзесяцікласнікаў падчас і пасля спектакля “Альпійская балада” паводле аднайменнай ваеннай аповесці класіка беларускай літаратуры Васіля Быкава ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Гэта далікатная гісторыя кахання, захавання міласэрнасці і чалавечага гонару ў жудасных і бесчалавечных абставінах кранула сэрца кожнага.. А таксама паспрыяла шматлікім разважанням. Чаму людзі цкуюць, знішчаюць і гвалтуюць адзін аднаго? Гэта пытанне мае актуальнасць і сёння.
А яшчэ ўсе звярнулі ўвагу на тое, як арганічна спалучаюцца ў гэтым спектаклі колер, музыка, элементы беларускага фальклора, пластыка, відэакантэнт і абсалютна натуральны спосаб існавання акцёраў на сцэне.
Брава! Брава і вялікі дзякуй выканаўцам, дзеючым асобам і стваральнікам спектакля!
Навучэнцы 10-х класаў і іх класныя кіраўнікі Ганна Паплаўская і Снежана Доўнар






