
Лістапад… Дождж… Аднак дрэннае надвор’е не стала перашкодай для вучняў 8 «В» і 8 «М» класаў, якія 6 лістапада вырашылі адправіцца ў музей гарадскога пасажырскага транспарту г. Мінска. Там нашы вучні змаглі адчуць сябе не толькі пасажырамі мінулага стагоддзя, але і сапраўднымі вадзіцелямі. Вядома ж, хлапчукі былі ў захапленні! У музеі можна было ўбачыць больш за тысячу экспанатаў, якія знаходзяцца ў двух выставачных залах, актавай зале, а таксама на адкрытай пляцоўцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі адкрылі для сябе цэлы свет машын, які ў 20-я гады XXI стагоддзя здаецца ўжо амаль нерэальным, а іх класныя кіраўнікі з настальгіяй ўспомнілі, на якім пасажырскім транспарце ездзілі ў дзяцінстве. Але галоўная асаблівасць музея – адсутнасць правіл «Рукамі не чапаць!» Музей інтэрактыўны. Там нават ёсць трэнажор з аўташколы – вадзіцельскае месца ад «Лады-8», так што навучэнцы нават змаглі пабыць кіроўцамі. У музеі мы наведалі тэматычную выставу матацыклаў і ровараў. А на адкрытай пляцоўцы хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем даследавалі калекцыю рарытэтных транспартных сродкаў. Іх можна было пакратаць, зайсці ў салон, сесці за руль. Было вельмі весела! І як выдатна, што васьмікласнікаў не палохае дрэннае надвор’е, бо галоўнае – жаданне пазнаваць нешта новае, атрымліваць жывыя эмоцыі, нягледзячы ні на што!
В. У. Каладзінская, класны кіраўнік 8 «В» класа




















