17 чэрвеня выхаванцы лагера працы і адпачынку “Пчолка”, які дзейнічае на базе гімназіі з самага пачатку лета, наведалі Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Экскурсія была прысвечана Году культуры ў Беларусі.
Пад час экскурсіі па экспазіцыйным сектары “Цэнтральная Беларусь” хлопцы і дзяўчаты даведаліся аб характэрных асаблівасцях народнай архітэктуры і побыту, планіроўкі паселішча, прыродных асаблівасцях гісторыка-этнаграфічнага рэгіёну.
У наш маршрут былі ўключаны: уніяцкая Свята-Пакроўская царква 18 стагоддзя, грамадскі свіран для захоўвання запасу прадуктаў на выпадак неўраджаю, прыдарожная капліца-ратонда, млын 19 стагоддзя, кузня, народнае аднакласнае вучылішча і гумно пачатку 20 стагоддзя. Пад час эксурсіі выхаванцы лагера таксама наведалі сялянскія сядзібы канца 19-пачатку 20 стагоддзя, якія былі перавезены ў музей з розных куткоў цэнтральнай Беларусі. Сядзібы складаюцца з жылых і гаспадарчых памяшканняў: хат, хлявоў, гумнаў. Нашай увазе былі прадстаўлены і інтэр’еры з традыцыйнымі прадметамі побыту.
Больш за ўсё хлопцаў і дзяўчат уразіў млын 19 стагоддзя. Выхаванцы лагера не толькі агледзелі яго звонку, але змаглі пабываць і ў самім будынку.
Напрыканцы экскурсіі стомленыя і задаволеныя “турысты” сталі ўдзельнікамі пікніка, пад час якога яны не толькі падмацаваліся ўзятымі з дому прысмакамі, але і падзяліліся сваімі ўраджаннямі аб экскурсіі і працы ў лагеры.
Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце,
кіраўнік лагера працы і адпачынку “Пчолка”
Новік А.А.




















