Першага верасня на ўроку мужнасці “Нам далі запавет мір берагчы” вучням 4-х класаў была прэзентавана новая кніга “Я помню ўсё…”. Стваральнікамі гэтай кнігі сталі Уладзімір Ліпскі і Мікола Чарняўскі.
Бібліятэкар гімназіі Ала Мікалаеўна Харлап паведаміла дзецям, што ў гэтай кнізе сабраны ўспаміны беларускіх пісьменнікаў пра вайну. На працягу многіх гадоў гэтыя творы друкаваліся ў нумарах часопіса “Вясёлка”, рэдактарам якога з’яўляецца Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. Тры гады навучання, амаль усе вучні цяперашніх 4-х класаў, а іх 127 чалавек, выпісваюць і чатаюць гэты пазнавальны дзіцячы часопіс для пачаткоўцаў. Безумоўна, чытаючы “Вясёлку”, яны знаёміліся з гэтымі шчымлівымі аповедамі беларускіх пісьменнікаў. І вось зараз іх ўбачылі пад адной вокладкай кнігі “Я помню ўсё…”.
Чацвёртакласнікі не толькі з цікавасцю пазнаёміліся з новай кнігай, але і з задавальненнем успомнілі іншыя творы Уладзіміра Ліпскага. З азартам яны адказвалі на пытанні віктарыны, робячы такім чынам завочнае падарожжа па кнігах пісьменніка.
У канцы ўрока дзеці падзяліліся ўражаннямі аб пачутым і ўбачаным. А Ала Мікалаеўна запрасіла іх наведаць гімназічную бібліятэку і ўзяць новую кнігу “Я помню ўсё…”, якая толькі гэтым летам трапіла да іх у фонд. Чытаючы гэты зборнік, навучэнцы яшчэ раз пераканаюцца ў тым, што самае каштоўнае ў жыцці – гэта мір – мір, які завешчана берагчы.
Мардасевіч Вольга Уладзіміраўна — настаўніца 4 “А” класа