
Гэтымі словамі з верша Генадзя Бураўкіна пачнём справаздачу аб святкаванні Міжнароднага дня роднай мовы ў гімназіі Дзяржынска. Сёлета мы актыўна адзначылі гэтае свята: яно ператварылася ў цэлы прадметны тыдзень.
Шматлікія вучні адгукнуліся на акцыю “Сэлфі па-беларуску”, якая была ініцыявана настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Рэнатай Генадзьеўнай Рудэнка і стартавала ў панядзелак, 17 лютага. Па яе ўмовах, неабходна было сфатаграфаваць сябе, пры гэтым у кадры абавязкова павінна быць беларускае слова. Розная ступень крэатыўнасці была праяўлена вучнямі. Хтосьці спыніўся на адным слове – цікавым, невядомым, любімым ці рэдкім. Хтосьці стварыў цэлыя воблакі слоў (Шакаль Вікторыя).
Хтосьці даслаў не адно, а цэлую серыю сэлфі, да кожнага з іх падышоўшы з творчасцю (Змачынскі Ілья, Канаплянік Кацярына з 3 “М” класа і Дар’я Гунева з 4 класа). Адным словам, малайцы! Такая ўвага да роднага слова не можа не радаваць.
У панядзелак жа адбыўся мабільны лекторый, падчас якога вучні 8-9 класаў дружна пазнаёмілі 5-11 класы гімназіі з цікавымі фактамі пра дзень роднай мовы і з планам мерапрыемстваў на тыдзень.
У аўторак, 18 лютага, вучні 9-х класаў Бабок Ангеліна, Шымчэня Анастасія, Лявонаў Іван, Паляшчук Максім, Русаковіч Ганна і Шынкевіч Кацярына прынялі ўдзел у літаратурна-музычным вернісажы “Мова беларуская мая” на базе Дзяржынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Гэта была творчая сустрэча з паэтамі народнага літаратурнага клуба “Выток”, на якой дзяржынскія паэтэсы Рэгіна Рэўтовіч, Людміла Круглік, Таццяна Мойса, Аксана Хацкевіч падзяліліся сваімі творамі з прысутнымі. Падлеткам пашчасціла ў чарговы раз сустрэцца з самабытным беларускім словам, якое, на вялікі жаль, выходзіць з нашага штодзённага ўжывання. У вучняў была таксама магчымасць праверыць сябе на веданне беларускай лексікі і паўдзельнічаць у літаратурным квэсце.
У гэты ж дзень у гімназіі вучні пачалі прэзентаваць свае праекты “Родная мова” ў выглядзе сценгазет і плакатаў. Усе яны былі вывешаны на 2 паверсе, каб як можна большая колькасць людзей магла іх убачыць. Тут таксама была вялікая прастора для творчасці. Хтосьці маляваў свае асацыяцыі з беларускай мовай, хтосьці звярнуўся да творчасці беларускіх пісьменнікаў, хтосьці – да фальклору. Вынікі атрымаліся самыя выдатныя. Другі паверх ператварыўся ў яркі свет з вясёлкай, валошкамі і бусламі…
У сераду, 19 лютага, вучні 9-га класа Гойшык Ягор, Платкоўскі Аляксей, Кадлубовіч Дар’я і Сакалова Вераніка прынялі ўдзел у акцыі БРСМ “Татальны дыктант”, якая адбылася ў раённай бібліятэцы. Для дыктоўкі ім быў прапанаваны тэкст нашага земляка Ігара Хадановіча “Начныя фіялкі”.
У гэты ж дзень вучні Аксаны Яўгеньеўны Хацкевіч стваралі воблакі слоў “У цудоўнай мове, роднай, наскай…”, якія таксама можна было пабачыць на выставе. А 9-10-ыя класы паўдзельнічалі ў брэйн-рынгу “Знаўцы роднай мовы”, на які іх запрасіла Кацярына Аляксандраўна Мінько. Перамагла каманда “Патэльня”, на 2-м месцы апынуліся “Патаўчыкі”, на 3-м – “Даляры”. Аднак разрыў быў зусім невялікі, усе вучні выдатна правялілі свае веды па мова- і літаратуразнаўстве.
У чацвер, 20 лютага, 138 вучняў гімназіі 3-11 класаў прынялі ўдзел
ў конкурсе па беларускай мове і літаратуры “Буслік”. Як заўсёды, іх чакалі нетрывіяльныя заданні і новыя адкрыцці. Цяпер застаецца чакаць вынікаў.
Таксама у гэты ж дзень 11-ыя класы разам з Волчанка Аленай Іванаўнай разгадвалі крыжаванкі, перакладаючы словы з рускай мовы на беларускую.
У пятніцу, 21 лютага, Аляшэвіч Алена Алегаўна наладзіла акцыю “Салодкая мова” для вучняў 6-х класаў. Падчас яе дзеці перакладалі словы на беларускую мову спачатку індывідуальна, а пасля – у групах. У 5 “М” класе пагулялі ў забаўляльную азбуку “І ўсё мілагучна для слыху майго…” . Часткова былі падведзены вынікі тыдня. Актыўныя ўдзельнікі атрымалі не адну “дзясятку” па беларускай мове, былі ўзнагароджаны падзякамі і салодкімі прызамі. Узнагароджанне працягнецца і ў панядзелак.
Хацелася б, каб самым галоўным вынікам усіх гэтых мерапрыемстваў стала па-грамадзянску адказнае стаўленне кожнага вучня да самага галоўнага багацця, якім валодае самастойны народ, — роднай мовы.
Кацярына Мінько, настаўнік беларускай мовы і літаратуры