У суботу, 15 снежня, Тыдзень клуба “Крынічка” завяршыўся сустрэчай з вядомай дзяржынскай паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, Рэгінай Іосіфаўнай Рэўтовіч. Гэта чалавек, які ніколі не адмаўляецца ад сустрэчы з вучнямі, вельмі добра ўмее знаходзіць з імі кантакт. Мабыць, нездарма яна ў дзяцінстве марыла стаць настаўніцай. І хоць мара не спраўдзілася, аднак сёння яна часты госць у школах. Шмат цікавага паведаміла Рэгіна Іосіфаўна пра сваё жыццё, свой не зусім звычайны шлях у літаратуру. Пра гэта, мабыць, можна было б напісаць асобную кнігу. На сутрэчы гучалі вершы на мілагучнай роднай мове, якая ў вуснах паэткі вельмі арганічная. Вершы былі спецыяльна падабраны на зімовую і навагоднюю тэматыку. Прыгажосць прыроды, тонкія адчуванні, якія выкліканы роднымі краявідамі, займаюць асноўнае месца ў вершах Р.Рэўтовіч, якія яна зачытала. Таксама шаноўная госця пазнаёміла прысутных са сваім “перакладам прозы ў верш” – філасофскага твора А.Стэльмах “Дуб і крумкач”. Васьмікласнікі змаглі ўбачыць 6 зборнікаў пісьменніцы, задаць шматлікія пытанні, якія іх цікавілі, папоўніць свой слоўнікавы запас ў беларускай мове. Аўтар уважліва і з пашанай ставіцца да роднага слова, што адчувалася падчас сустрэчы. Гадзіна з літаратурай і літаратарам праляцела імгненна. Усе пайшлі з гасцёўні, напоўненыя натхненнем і самымі станоўчымі эмоцыямі.
Кацярына Мінько, настаўнік беларускай мовы і літаратуры