
13 кастрычніка ў 11 «А» класа гімназіі адбыўся урок-экскурсія ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Вучні пазнаёміліся з развіццём літаратуры 2-й паловы ХХ стагоддзя. Унікальныя партрэты пісьменнікаў і іх асабістыя рэчы перадавалі дух эпохі і засталіся ў памяці. Паколькі якраз цяпер адзінаццацікласнікамі вывучаецца гэты перыяд развіцця літаратуры, экскурсія прынесла несумненную карысць, дазволіла з іншага боку паглядзець на знаёмыя факты і паглыбіць веды ў сферы беларускага пісьменства.
Студэнцкі пакой шасцідзясятнікаў, скуранка Рыгора Барадуліна, тазік «Бум-бам-літа», афішы фільмаў паводле твораў беларускіх аўтараў, аўтэнтычныя фотаздымкі і ўзнагароды, пісьмовыя сталы і бібліятэкі аўтараў, пацеркі, ракушка і шыйная хустка паэтэсы з усходнім узорам — усё гэта і многае іншае дазволіла зразумець, што літаратуру ствараюць ЛЮДЗІ — цікавыя, таленавітыя, працавітыя, шчаслівыя і няшчасныя, розныя…
Паспрыяла станоўчым эмоцыям і надвор’е, якое стварыла ў Траецкім прадмесці непаўторны шарм восені.
Мінько К.А., класны кіраўнік 11 «А» класа







