
Удзел у навукова-практычных канферэнцыях, несумненна, дае вучням шмат. Гэта і сацыяльны, і аратарскі вопыт, развіццё даследчай і камунікатыўнай кампетэнцый і многае іншае. Вучаніца 9 класа гімназіі г.Дзяржынска Вікторыя Шакаль — актыўная ўдзельніца канферэнцый па самых розных прадметах.
Так, 3 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбыўся вочны этап 4 навукова-практычнай канферэнцыі «Беларусь, ты збудавана з беларускіх слоў!», у які была адабрана са 140 пададзеных работ і работа Вікторыі на тэму «Паэтычныя запаветы Эдзі Агняцвет».
Вучні абаранялі свае работы без прысутнасці настаўнікаў. У выніку Вікторыя была ўзнагароджана дыпломам лаўрэата ІІІ ступені! Віншуем яе і настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мінько Кацярыну Аляксандраўну!
Практычны выхад работы — гугл-сайт са слоўнікам афарызмаў Эдзі Агняцвет. З ім можна азнаёміцца па спасылцы
А вось уражанні самой Вікі:
«Трэцяга сакавіка адзначаецца Сусветны дзень пісьменніка. А мне ў гэты дзень давялося прыняць удзел у IV навукова-практычнай канферэнцыі, якая праводзілася ў цудоўным месцы — Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Траецкім прадмесці. Ніколі не былі там? Раю наведаць, бо ў гэтым месцы адчуваецца спакой, лагоднасць… Разглядаючы выставы, на якіх прадстаўлены фота пісьменнікаў, іх зборнікі і асабістыя рэчы, нібы прыходзіш на сустрэчу з імі, размаўляеш, здзіўляешся, захапляешся…
У катэгорыі «Літаратуразнаўства», у якой я ўдзельнічала, было прадстаўлена 26 сапраўды цікавых, сур’ёзных і захапляльных навуковых прац. Думаю, многія могуць пагадзіцца, што нават цікавыя работы пяць гадзін слухаць складана, таму ў мяне была магчымасць не толькі слухаць, а яшчэ і разглядаць выставы. На працягу канферэнцыі было прыемна ўбачыць неабыякавых да літаратуры і мовы людзей, паслухаць іх, пазнаёміцца і пабыць у адной «тусоўцы». Здзіўленнем для мяне стала атрымаць узнагароду, бо насамрэч УСЕ працы былі вартыя гэтага. Парадавалі таксама і шчодрыя прызы! Я ўдзячна гімназіі за магчымасць развівацца ў сферы навукова-практычных канферэнцый! Гэта цудоўна!»
Мінько К.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры





