
Актыўна і пазнавальна пачаліся канікулы ў вучняў 8 «М» класа, якія разам з класным кіраўніком Рудэнка Р.Г. здзейснілі «Падарожжа ў мінулае…», наведаўшы Дзяржынскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства ў в. Станькава.
Спачатку васьмікласнікі ў суправаджэнні прадстаўніка Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства Дым В.В. адправіліся на экскурсію «Станькава гістарычнае», падчас якой пазнаёміліся з гісторыяй графскай сядзібы Гутэн-Чапскіх, легендамі і паданнямі старажытнага роду. З цікавасцю вучні даследавалі збудаванні маёнтка, якія захаваліся да нашых дзён: флігель, свіран, кароўнік, дом прыслугі, воданапорную вежу, скарбчык. Здзейснілі вячэрнюю прагулку да альтанкі на востраў Радасці, царквы Святога Мікалая.
Наступнай раніцай васьмікласнікі пазнаёміліся з экспазіцыямі музейных пакояў «Ваенная гісторыя Беларусі». Падчас экскурсіі падлеткі пабывалі ў залах Сярэднявечча, Першай і Другой сусветных войнаў, Сучаснай арміі. Асаблівасцю такіх экскурсій з’яўляецца тое, што экспанаты можна не толькі ўбачыць, але і дакрануцца, прымераць.
Музейныя пакоі, а таксама выступленне ваенна-патрыятычнага клуба «Грэнадзёр» уразілі гімназістаў.
А яшчэ Станькава — малая радзіма Героя Марата Казея, імя якога назаўжды ўпісана ў гісторыю Беларусі і гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, тут жа зараз знаходзіцца яго магіла. Дзеці ўшанавалі памяць юнага піянера-героя.
Падарожжа ў кампаніі школьных таварышаў прайшло незабыўна і запомніцца надоўга!
Рудэнка Р.Г., класны кіраўнік 8 «М» класа





















