Нацыянальная бібліятэка — візітная картка Беларусі. Яна з’яўляецца адным з самых вядомых будынкаў нашай краіны, крыніцай мудрасці, спазнання новага.
Экскурсія з навучэнцамі 8 «А» і 8 «М» класаў яшчэ раз пераканала нас у гэтым.
У бібліятэцы нас чакала экскурсавод, якая пазнаёміла з гісторыяй бібліятэкі, яе мастацкім афармленнем, тэхнічным абсталяваннем і архітэктурнымі асаблівасцямі будынка.
Каля незвычайнага фантана, што ўяўляе сабой гранітны шар, вагой 350 кілаграмаў, які верціцца ў патоку вады, падлеткі загадалі жаданні.
Ёсць меркаванне, што гэты дотык — прамы шлях да спазнанняў.
Затым мы ўбачылі велізарныя пано ў 3 паверхі. На іх беларускія мастакі адлюстравалі 6 абласцей з іх славутасцямі, імёнамі вядомых людзей, гербамі абласных цэнтраў. Сёмае пано поўнасцю прысвечана гораду Мінску.
Далей мы адправіліся ў Музей кнігі. Нас вельмі здзівілі сабраныя там выданні: самая маленькая кніга 5х5 мм, копія самай дарагой кнігі «Птушкі Амерыкі», факсімільнае выданне Архангельскага Евангелля і куфэрак з выданнямі, прысвечанымі Францыску Скарыне, асветніку, помнік якому стаіць каля бібліятэкі, а сам уваход у будынак стылізаваны пад раскрытую кнігу з яго тэкстам.
Далей васьмікласнікі ўбачылі друкарскі станок, якім карысталіся першыя кнігадрукары.
Падняўшы галовы, з захапленнем назіралі, як па жалабку са сховішча з дапамогай спецыяльных ліфтаў кнігі ў металічных кантэйнерах дастаўляліся чытачам.
Панарамны ліфт падняў экскурсантаў на аглядную пляцоўку, размешчаную на вышыні больш за 73м, адкуль адкрываюцца цудоўныя віды на сталіцу Беларусі.
Экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку — выдатная магчымасць для пазнавальнага і цікавага адпачынку!
Бердашкевіч Т.Л., Рудэнка Р.Г.