У канцы лістапада па запрашэнню да нас у гімназію завітаў вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Ягоўдзік. Ён прыехаў з падарункамі – сваімі кнігамі і цікавымі гісторыямі.
Вучні 2 — 4-х класаў і іх класныя кіраўнікі чакалі пісьменніка ва ўтульнай актавай зале. Каб прыцягнуць увагу школьнікаў да багатай творчай спадчыны таленавітага пісьменніка, знаўцы роднай прыроды і гісторыі, бібліятэкар гімназіі Ала Мікалаеўна Харлап арганізавала цудоўную выставу кніг У. Ягоўдзіка.
Напачатку сустрэчы намеснік дырэктара гімназіі Галіна Уладзіміраўна Вялічка шчыра і пранікнёна расказала дзецям пра жыццёвы і творчы шлях Уладзіміра Іванавіча. Ён і сам у час сустрэчы ўспамінаў пра свае дзіцячыя гады, пра тое, што свой першы твор напісаў у раннім дзяцінстве, пра цікавыя здарэнні, якія з ім адбываліся. Потым усё гэта ў выглядзе апавяданняў, казак, мініяцюр, якім уласціва стройнасць і лірычнасць, з’яўлялася на старонках яго кніг.
Творчасць У. І. Ягоўдзіка вельмі разнастайная – гэта казкі і апавяданні, аповесці і мініяцюры аб нашай прыродзе і гістарычнай спадчыне, напісаныя для дзяцей. У творах пра гістарычнае мінулае Беларусі аўтар знаёміць нас са славутымі продкамі, запрашае зазірнуць у даўніну, каб даведацца як ствараліся гербы гарадоў Беларусі. Менавіта пра гэта праглядзелі вучні гімназіі мультымедыйны фільм, створаны па творам Ул. Ягоўдзіка. Пісьменнік з задавальненнем прэзентаваў гэты фільм бібліятэцы гімназіі і яе карыстальнікам.
Уладзімір Іванавіч Ягоўдзік цікава піша не толькі пра гістарычнае мінулае нашай краіны, але і сваеасабліва, з вялікай любоўю апісвае яе раслінны і жывёльны свет, якім захапляецца бязмежна. З вялікай цікавасцю глядзелі дзеці дакументальны фільм пра соў Беларусі, які агучваў сам пісьменнік (дарэчы, і гэты дыск дастаўся ў падарунак гімназіі).
У. І. Ягоўдзік – сапраўдны Беларус, улюблённы ў сваю краіну, яе людзей, яе дзетак, таму яго творы пішуцца ім на даступнай, каларытнай роднай мове, іх з задавальненнем чытаюць і дзеці , і дарослыя. Усім чытачам зразумелы склад яго твораў. Адна з асаблівасцей яго кніг – гэта цудоўныя фотаздымкі і ілюстрацыі.
Сустрэча з пісьменнікам У. Ягоўдзікам была карыснай і цікавай. Вучні даведаліся шмат новага. У час сустрэчы Уладзімір Іванавіч устроіў вершаваны конкурс сярод вучняў на тэму прыроды. Самыя “выразныя” чытачы атрымалі ў падарунак кнігу з аўтографам У. Ягоўдзіка. А бібліятэка гімназіі атрымала не толькі цэнныя дыскі з фільмамі аб прыродзе і гісторыі Беларусі, але і папоўніла свой фонд новымі кнігамі У. І. Ягоўдзіка і А. Лось.
Назіраючы ў час мерапрыемства за эмоцыямі вучняў гімназіі, можна смела сцвярджаць, што яны будуць чакаць ад Уладзіміра Іванавіча новых кніг, якія таксама выклікаюць цікавасць і будуць запатрабаваныя.
Настаўніца 2 “А” класа В. У. Мардасевіч
[mudslide:picasa,0,gymndz.school,6090153885005384289]