На базе Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя 4 студзеня 2017 года прайшла вочная абарона навуковых біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Конкурс праводзіцца з мэтай развіцця навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў, як эфектыўнага сродку павышэння якасці адукацыі і ўсебаковага развіцця асобы. У гэтым годзе мерапрыемства дало годны старт Году навукі на Міншчыне. 2 работы вучняў нашай гімназіі прайшлі конкурсны адбор. Усяго ў вочным этапе было прадстаўлена 30 работ навучэнцаў Мінскай вобласці. Работы школьнікаў былі прысвечаны экалогіі жывёл і раслін, біяіндыкацыі, рэсурсазберажэнню, водным экасістэмам, эксперыментальнай біялогіі і інш. Усе члены журы адзначылі высокі ўзровень даследаванняў, накіраваных на вывучэнне і захаванне біялагічнай разнастайнасці сталічнага рэгіёну, вырашэнне актуальных экалагічных праблем; распрацоўку і ўкараненне перспектыўных біялагічных і экалагічных тэхналогій.
Найбольш паспяховыя даследаванні, а гэта 14 з 30 прадстаўленых на вочную абарону, будуць накіраваны ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства для ўдзелу ў заключным рэспубліканскім этапе конкурсу. Сярод іх работа «Вывучэнне рэдкіх і знікаючых відаў Дзяржынскага раёна» Канстанціна Слінкі, навучэнца 10 «А» класа гімназіі г. Дзяржынска, якая ўзнагароджана Дыпломам за II месца ў секцыі «Экалогія раслін і біяіндыкацыя». Работа навучэнак 8 «М» класа Дораш Анастасіі і Гурыновіч Ірыны ўзнагароджана Дыпломам за III месца ў гэтай жа секцыі. Віншуем з перамогай і выказваем падзяку юным даследчыкам і іх кіраўнікам Слінка Святлане Уладзіміраўне і Яраховічу Сяргею Канстанцінавічу за інтарэс да навуковай дзейнасці!
Жадаем Канстанціну Слінка паспяховага ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскага конкурсу!