Главная » Галерэя » Пазнаем, вывучаем, любім…

Пазнаем, вывучаем, любім…

У гімназіі ў гэтым годзе польскую мову вывучаюць 44 вучні. Заняткі праводзіць настаўніца польскай мовы Шчарбіна Браніслава Ўладзіміраўна па суботах па 2 гадзіны для кожнага гуртка, а ўсяго іх у нас тры. У гуртку “АВС” 13 пяцікласнікаў, да іх далучаюцца 3 шасцікласнікі, якія толькі пачынаюць вывучаць польскую мову. Гурток “Miłośniki języka polskiego” наведваюць 9 вучняў з шостых класаў і 2 вучні з восьмага і дзесятага класаў. У гуртку „Lingwista” займаюцца 11 сямікласнікаў і 6 васьмікласнікаў. Стараемся, каб заняткі праходзілі цікава і займальна, праз гульні і забавы ідзе навучанне польскай мове. У пачатку навучальнага года вучні адпраўляюцца ў завочнае падарожжа па Польшчы, гэта значыць, знаёмяцца з яе геаграфічным становішчам, з гісторыяй краіны, дзяржаўнай сімволікай, чытаюць і расказваюць легенды і паданні.
Цікава, што ў гэтым годзе тэму “Мінск – сталіца Беларусі” ў старэйшых класах мы пачалі вывучаць якраз падчас свята горада Мінска і пабывалі на экскурсіі ў нашай сталіцы.
Дарэчы, гэтым летам, у чэрвені 14 вучняў з нашай гімназіі змаглі пабываць ў сапраўдным падарожжы ў Польшчы і нават больш: мы адпачывалі ў польскім лагеры аж два тыдні! Усё гэта дзякуючы таму, што мы не толькі вывучаем мову суседняй краіны, а штогод прымаем актыўны ўдзел у розных конкурсах, з’яўляемся іх пераможцамі і дыпламантамі.
Традыцыйна восенню ў Мінску праходзіць рэгіянальны конкурс чытальнікаў вершаў польскіх паэтаў імя Адама Міцкевіча. На гэты раз да конкурсу падрыхтавалася 5 вучняў
(Бортнік Анастасія, 5 А кл., Макарэвіч Ганна, 6 Б кл., Біруля Барыс, 8 Б кл., Кміт Карына, 8 М кл. і Давыдаў Уладзіслаў, 10 А кл.), з іх 3 вучні занялі прызавыя месцы.

У гэтым навучальным годзе мы асабліва старанна ўзяліся за вывучэнне гісторыі Польшчы, таму што нельга было абысці такую значную дату, як 100-годдзе незалежнасці Рэспублікі Польшча.
У 1795 годзе Польшча страціла незалежнасць у выніку падзелу паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй. Пачаўся цяжкі перыяд у жыцці польскага народа, напоўнены ўзброенай барацьбой і змаганнем за захаванне мовы і культуры. XIX стагоддзе ў гісторыі Польшчы – гэта не толькі даты нацыянальных паўстанняў, але таксама жыццё і дзейнасць народных герояў, славутых пісьменнікаў, мастакоў, вучоных.
Асобай, якая адыграла значную ролю ў вяртанні незалежнасці Польшчы, стаў Юзаф Пілсудскі. Ён быў для польскага народа сімвалам непахіснай барацьбы за незалежнасць супраць усіх акупантаў. Палякі зразумелі, што ў барацьбе за свабоду яны могуць разлічваць толькі на ўласныя сілы. 11 лістапада 1918 года Пілсудскі становіцца Начальнікам Дзяржавы, а таксама камандуючым узброеных сіл. Гэтая сімвалічная дата і адзначаецца ў Польшчы як Свята Незалежнасці.
10 лістапада ўсе вучні нашай гімназіі, якія вывучаюць польскую мову, сабраліся ў святочна прыбраным кабінеце, каб адзначыць надыходзячае Свята Незалежнасці. На свята былі запрошаны дырэктар гімназіі Паўхлеб Л. С., намеснік дырэктара Мігура Г.Я. і бацькі вучняў.
Старшакласнікі вялі аповед аб шматпакутным змаганні польскага народа за сваю незалежнасць, іншыя вучні чыталі вершы аб Польшчы і яе народных героях, слухалі і спявалі песні часоў змагання, а ў канцы сустрэчы ўсе прысутныя праспявалі Дзяржаўны Гімн Рэспублікі Польшча “Mazurek Dąbrowskiego”.
Настаўніца польскай мовы Шчарбіна Б. У. правяла віктарыну па гісторыі Польшчы. Лепшыя знаўцы гісторыі былі адзначаны невялічкімі падарункамі.


Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Оценить на Портале рейтинговой оценки качества оказания услуг
alt=“”
Дз Колледж