Главная » Навiны » У госці да Завальні

У госці да Завальні

Заўсёды цікава параўнаць, калі ты чытаў нейкі твор, як яго ўвасобілі на сцэне. Такую магчымасць атрымалі дзевяцікласнікі, накіраваўшыся нядзеляй 26 студзеня ў Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы на свежы спектакль Алены Ганум “Шляхціц Завальня”.  Гэта праграмны для 9-га класа твор, мы яго ўжо вывучалі ў першым паўгоддзі. Тым карысней было бачыць на сцэне знаёмых герояў.

…Шляхціц Завальня, сапраўдны “ліцвін”, любіў гасцей, і ставіў на падваконне свечку ў час завірухі, каб падарожныя не збіліся са шляху. А за гасцяванне ў яго браў плату цікавымі гісторыямі. Мы, гледачы, і самі адчулі сябе гасцямі гэтага каларытнага дзядзькі…

У інсцэніроўцы Сяргея Кавалёва паводле легендарнага твора пісьменніка-рамантыка Яна Баршчэўскага спалучыліся фальклор і містыка, гісторыя і сучаснасць, цуды і страхі. Усё гэта знітавана ў наваколлі прыгожага возера Нешчарда, куды вяртаецца з паўночнай сталіцы Расійскай імперыі пляменнік шляхціца Завальні Ян. Былы вучань Полацкага  калегіума апынаецца ў гушчы нечаканых падзей. Страта сябра і барацьба за каханне. Пагроза над любай Айчынай. У канфлікце рэальнасці і непраяўленага свету разготваліся падзеі на купалаўскай сцэне.

Многае было адкрыццём. Многае было нечаканым. Цудоўная музыка. Сучасныя спецэфекты. Рэжысёрскі погляд на твор. Паўтары гадзіны праляцелі на адным дыханні. Шмат пытанняў узнікла падчас прагляду. Іх абавязкова абмяркуем на інфармацыйнай гадзіне ў панядзелак. Галоўнае ж – адбылася сутрэча з мастацвам, з сакавітай беларускай мовай, з такім утульным і стыльным абноўленым тэатрам… Мы ўсе атрымалі сапраўднае задавальненне ад гэтай падзеі. І ўжо плануем наступнае наведванне.

Кацярына Аляксандраўна Мінько, класны кіраўнік 9 “М” класа


Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Оценить на Портале рейтинговой оценки качества оказания услуг
alt=“”
Дз Колледж