
А цуды ўсё-такі здараюцца! І здзяйсняюцца мары! Мы, навучэнцы 5 класаў i iх кiраўнiкi, перакананы ў гэтым! І вас клічам пераканацца ў старадаўнюю Сулу, што распачала новы лёс, ператварыўшыся ў першы ў Беларусі сядзібна-паркавы комплекс-музэй інтэрактыўнай гісторыі «Вялікае княства Сула «, якi размешчаны за 20 кіламетраў ад нашага горада на маляўнічым беразе аднайменнага возера Сула.
Ветліва адчыніліся перад намі веснічкі ў незвычайны свет – свет, дзе знікаюць неўпрыкмет межы і сплятаюцца ў светлае злучво матэрыя і дух, штодзённсць і вечнасць, дзе ўзнаўляецца непарыўная повязь эпох. Усё паўстала тут жывым, датклівым, трапяткім і праўдзівым. Усё вабіла, заклікала святочна ўвайсці, акунуцца ў чароўную атмасфэру хараства беларускіх традыцый. Мы гатовы былі выправіцца ў заманлівую прыгодніцкую вандроўку праз час . I неадкладна выправіліся!
Дружна, усе разам мы далучыліся да чароўнага света беларускай гісторыі. Наведалі залу рыцарскай славы, узбагачаную ўнікальным зборам карцін і габэленаў, асветленую сярэднявечнымі жырандолямі. Шыкоўная цырыманіяльная зала падалася незвычайна ўтульнай, нават загадкавай.
Мы мелі гонар наведаць збройную кузню, арсенал і вартавую вежу XII-XIII стагоддзяў. Стрэл гарматы дазволіў нам ўявіць і адчуць дух даўно прамінулай эпохі!
Надта цікава было прымаць удзел у сапраўдным абрадзе ачышчэння на капішчы і атрымаць яркія эмоцыі , знаёмячыся з паганскімі абрадамі.
З вялікім захапленнем знаёміліся мы з беларускімі рамёствамі: назіралі за ніткай ў ткацкім станку і дакраналіся да такой цёплай, падатлівай гліны ў майстэрні ганчара. А яшчэ мы адчулі асаблівую атмасфэру габрэйскага доміка-майстэрні-крамы, пазнаёміліся з старабеларускай габрэйскай культурай і даведаліся шмат новага пра яе спадчыну.
Мы тамсама зайшлі ў аптэку, каб разумець, якія зёлкі — лекі выдатна дапамогуць справіцца з хваробамі. І тут нам пашчасціла паласавацца карыснымі салодкімі прысмакамі!
У пякарні мы даведаліся, што сваю дзяжу аддаваць нікому не трэба. А водар хлеба ўзбадзерыў нас і надаў нам сіл ісці далей насустрач прыгодам.
Зазірнулі мы і ў ратушу, паслухалі мінілекцыю пра магдэбургскае права на беларускіх землях.
У кнігарні- друкарні нам нагадалі пра вялікіх беларускіх асветнікаў і пісьменнікаў. І вельмі цікава было даведацца пра існаванне лацініцы і арабіцы на шляху развіцця беларускай мовы.
У будынку Калегіума мы зноў прыселі за парты і ўявілі сябе вучнямі даўніх часоў. Нават некаторыя з нас спрабавалі надзець асліную шапку і пасядзелі на аслінай скамейцы. Усё прыйшлося да спадобы!
Шпацыруючы брукаванкай, мы дайшлі да сцішанай сажалкі і пакіравалі да стайні, дзе пагаманілі з добрай і разумнай кабылай і здзейснілі нядоўгае падарожжа ў фаэтоне. Усё было такім прыемным і казачным!
Мы пакідалі Сулу з пачуццём глыбокай пашаны да нашых продкаў, да багатай тысячагадовай гісторыі і велічнай адметнай культуры нашага народа. Мы адчувалі сябе не выпадковымі блуканцамі ў вірах эпох, а паслядоўнікамі добрых задум і спраў колішніх гаспадароў айчыннага краю. І мы вырашылі, што будзем разам спасцігаць неўміручую ісціну любові і адданасці сваёй зямлі!
Навучэнцы 5 -х класаў
і іх класныя кіраўнікі:
Ганна Паплаўская,
Марына Тумас,
Людміла Качановіч,
Анастасія Кузаўкова,
Любоў Мурзіч,
Снежана Доўнар

















































