Лістапад — добры час для наведвання тэатра. Так лічым мы, навучэнцы пятых класаў і іх класныя кіраўнікі. Сёння мы наведалі Тэатр беларускай драматургіі і атрымалі задавальненне ад спектакля «Таямніца чароўнага календара”. Гэта цікавая гісторыя, у якой ёсць месца прыгодам і, самае важнае, цудам. Нас вельмі ўразілі героі спектакля – мілыя, кранальныя лялькі, якія, на вялікі жаль, засталіся пакінутымі ў адзіноце. Калі дзеці вырастаюць, цацкі становяцца нікому не патрэбныя. Але ж гэтыя лялькі па-ранейшаму любяць сваіх гаспадароў. А часам яны вымушаны жыць у жудасным месцы, дзе на кожным кроку іх чакае небяспека. Таямніца, якую захоўвае Чароўны каляндар, дае шанец на выратаванне. Але ці ўсе мы гатовыя да цуду? А што калі аб’яднаць намаганні і разам гэты цуд стварыць?
Мы радаваліся поспехам герояў, перажывалі разам з імі, часам, нават, слязінкі з’яўляліся на нашых вачах. Незвычайная колькасць музыкі, харэаграфіі і жывога вакалу надаюць спектаклю асобы характар. Мы добра зразумелі стваральнікаў спектакля, якія гавораць пра вельмі важныя і патрэбныя рэчы на простай і зразумелай кожнаму мове.
Мы ўпэўнены , наведванне тэатра — гэта не толькі спосаб адпачынку, але і магчымасць паглыбіцца ў мастацтва, далучыцца да свету культуры і эмоцый. Тэатр — цудоўная крыніца натхнення! Тэатр спрыяе развіццю крытычнага мыслення. Тэатр ўражвае сваёй мастацкай выразнасцю. Тэатр — гэта выдатная магчымасць правесці час з сябрамі. Далучайцеся да нас, сапраўдных аматараў тэатра! Якія спектаклі вас цікавяць?
Навучэнцы 5-х класаў і іх класныя кіраўнікі