
У гімназіі ўрачыста далі старт тыдню клуба «Крынічка». Адкрыццё атрымалася па-сапраўднаму яркім і запамінальным — вучні разам з настаўнікамі вырашылі пачаць яго з музычна-інтэлектуальнай сустрэчы пад назвай «Сустрэнем раніцу па-беларуску!».
З самага ранку ў фае гучала беларуская музыка — мелодыі і песні вядомых айчынных выканаўцаў стваралі асаблівы настрой і адразу ўключалі ўсіх у моўную атмасферу. Але гэта было толькі пачаткам.
Для вучняў арганізавалі некалькі інтэрактыўных пляцовак. Кожны ахвотны мог абраць сабе паперку з «пажаданкай» на дзень — мілыя і мудрыя высловы па-беларуску, якія дарылі ўсмешку і добры настрой. Побач стаяла дошка, дзе можна было напісаць сваё любімае беларускае слова. Хтосьці выводзіў «дзякуй», хтосьці — «кветка», «сэрца», «мама» — прасценькія, але такія родныя словы сагравалі душу.
Сапраўдным сэнсавым цэнтрам раніцы стаў інтэрактыў «Родная мова». Дзецям прапанавалі напісаць, якая ж яна для іх, іх родная мова. Адказы атрымаліся шчырыя і кранальныя: «пяшчотная», «сонейка», «хлеб», «бацькі», «каханне» — гэтыя вызначэнні лепш за любыя падручнікі паказалі, як вучні любяць і адчуваюць роднае слова.
Музычнае афармленне, творчыя заданні і цёплая атмасфера ператварылі звычайную раніцу ў сапраўднае свята. Гэта была па-сапраўднаму раніца па-беларуску — шчырая, мілагучная і жывая. Тыдзень беларускай мовы толькі пачаўся, і наперадзе навучэнцаў чакае яшчэ шмат цікавых адкрыццяў і мерапрыемстваў.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры гімназіі Карніловіч-Калядзюк Марына Валер’еўна



