
У Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшоў абласны этап навукова-практычнай канферэнцыі «Ад даследаванняў да адкрыццяў». У секцыі «Беларуская філалогія (літаратура)» паспяхова выступіла вучаніца 10 класа гімназіі г. Дзяржынска Шыманская Ульяна. Яе даследчая работа пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Мінько К. А. была адзначана дыпломам трэцяй ступені.
Тэма навуковага даследавання Ульяны — «Персанажны код зборніка містычных апавяданняў «(Ня)чысты Мінск»». Гэты зборнік, які ў 2025 годзе ўпершыню выйшаў па-беларуску, уяўляе сабой гарадское фэнтэзі: 15 аўтарак, 15 гісторый, аб’яднаных вобразам сталіцы і беларускай міфалогіяй . Як адзначыла сама даследчыца, менавіта праз персанажаў — ад міфічных істот і магаў да звычайных гараджан — раскрываецца непаўторны код горада. Практычным вынікам работы стала інтэрактыўная карта г. Мінска (дзякуем за дапамогу настаўніку іфарматыкі Кузаўковай А. М.) , на якой можна пабачыць усе лакацыі, якія сустракаліся ў зборніку, і даведацца, якая міфічная істота была «заўважана» там.
Усяго ў секцыі было заслухана 12 работ на самую разнастайную тэматыку: ад каляронімаў, экзістэнцыяналізму і хрысціянскай сімволікіі ў творах беларускай літаратуры да гендарных стэрэатыпаў у прыказках і асаблівасцей перакладу, а таксама інскрыптаў Якуба Коласа.
Конкурсны адбор быў сур’ёзным, і тым каштоўнейшая ўзнагарода, якую атрымала гімназістка з Дзяржынска.
Навукова-практычная канферэнцыя «Ад даследаванняў да адкрыццяў» праводзіцца ў Мінскай вобласці больш за 20 гадоў і з’яўляецца адной з самых аўтарытэтных пляцовак для юных даследчыкаў рэгіёна . Сёлетні поспех Ульяны — чарговае пацверджанне высокога ўзроўню філалагічнай падрыхтоўкі ў гімназіі г. Дзяржынска, цікавасці моладзі да гарадской міфалогіі і папулярызацыі сучаснай беларускай літаратуры.






