Што такое бяссмерце? Многія задумваліся над гэтым пытаннем. Некаторыя нават марылі аб ім. Ды не ўсе яго дасягалі. Толькі абраным дадзена зведаць гэтую долю. “Як?” – спытаеце вы. Стаўшы, напрыклад, вядомымі паэтамі. Такімі, якіх узгадваюць і праз 120 гадоў з іх дня нараджэння. У прыватнасці, такі лёс напаткаў Максіма Багдановіча. І няхай яму было адмерана ўсяго толькі 25 гадоў зямнога жыцця, затое ён змог пражыць іх так, што і ў 2012-м, праз 120 гадоў з таго моманту, як ён з’явіўся на свет, жывуць яго вершы. Яны не проста надрукаваны ў кнігах, яны ажываюць у сэрцах і вуснах шчырых, светлых, таленавітых вучняў. Так яго думкі, мары, фантазіі, мудрасць становяцца часткай іх душаў. І гэта проста цудоўна…
Адбывалася гэтая чароўная і ўрачыстая падзея ў нашай гімназіі ў суботу, 21 студзеня. 27 юных аматараў літаратуры 5-8-х класаў сабраліся ва ўтульным 23-м кабінеце, каб прадэманстраваць сваё майстэрства выразнага чытання вершаў на памяць. Усе творы, якія гучалі, належаць пяру Максіма Багдановіча. Тым самым мы адзначылі яго 120-гадовы юбілей.
Кампетэнтнае журы ў складзе Ірыны Ігараўны Асадчай, Алы Мікалаеўны Харлап і Вікторыі Аляксандраўны Гал з задавальненнем выслухала ўсіх удзельнікаў. Пасля чаго Ірына Ігараўна дала ім каштоўныя парады. Многія выступленні адрозніваліся артыстызмам, надзвычайнай выразнасцю, пранікнёнасцю. А некаторыя нават ўяўлялі сабой міні-спектаклі, якія закранулі да глыбіні душы.
Паколькі конкурс усё ж такі затаецца конкурсам, былі вызначаны прызавыя месцы. Так, сярод 5-х класаў дыплом 1 супені дастаўся Дыбаль Валянціне, сярод 6-х – Вайцяховіч Вікторыі, сярод 7-8-х 1-е месца раздзялілі адразу тры ўдзельнікі: Якубоўская Анастасія, Тумель Анастасія і Кароль Яўген.
Завяршылася пасяджэнне клуба “Крынічка” ў гімназічным кафэ за кубачкам салодкай гарбаты.
Многія ўдзельнікі памятаюць мінулы ўнутрыгімназічны конкурс чытальнікаў, прысвечаны 80-годдзю Уладзіміра Караткевіча, які прайшоў ў лістападзе 2010 года. І ўжо пачынаюць рыхтавацца да наступнага, бо наперадзе – 130-гадовы юбілей знакамітых беларускіх паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Што ж, ім можна толькі пажадаць: “Наперад, да зор!” Няхай усё ў вас атрымаецца!
…Ці не аб такім бяссмерцці марыць кожны паэт?..
[mudslide:picasa,0,gymndz.school,5701584640936865905]