Home » Навiны » Далучыцца да прыгожага, або Як адпачываюць настаўнікі

Далучыцца да прыгожага, або Як адпачываюць настаўнікі

Прафесія настаўніка адна з першых у спісе рызыкі эмацыйнага выгарання. Пра гэта ўжо шмат напісана і сказана. Што ж рабіць, каб своечасова напаўняцца энергіяй і не выгараць? Варыянтаў насамрэч нямала. Адзін з іх клапатліва прапаноўвае наш гімназічны прафсаюз, ужо традыцыйна запрашаючы калектыў настаўнікаў да паездкі ў тэатр. Хто хоць раз далучыўся да такога мерапрыемтва, ні кропелькі не пашкадаваў. Сапраўды, што можа быць лепей за атмасферу тэатра – своеасаблівую, крыху таямнічую, творчую, поўную мастацкага хараства?.. Акунанне ў яе можна параўнаць з глытком свежага паветра, якое так неабходна кожнаму з нас.
Чарговая сустрэча гімназічнага калектыву з цудоўным і прыгожым адбылася ў сераду, 6 снежня. Нягледзячы на сярэдзіну працоўнага тыдня, настаўнікі змаглі знайсці час ў сваіх шчыльных графіках і наведаць Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Як і заўсёды, тэатр сустрэў нас прыветліва. Мюзікл у дзвюх дзеях “Соф’я Гальшанская” перанёс гледачоў ў 15 стагоддзе, зачараваў выдатным вакалам галоўных дзеючых асоб, высокім харэаграфічным майстэрствам артыстаў балета. Аркестр, святло, дэкарацыі, касцюмы – усё было на вышыні. Немагчыма было адарвацца ад сцэны, на якой разгортвалася дзеянне рамантычнай меладрамы. Каханне і вернасць, душэўная чысціня і зайздрасць, дабро і зло сышліся разам, каб нарадзіць ісціну ў душы кожнага з нас. Нечаканы фінал нікога не пакінуў раўнадушным. У мюзікле было паказана не толькі жыццё шляхты і караля, але і беларускага народа, яго прыгожыя звычаі – Купалле. Уся меладрама была прасякнута гонарам за гісторыю нашага краю, за яго слаўных сыноў і дачок. Нельга не адзначыць філасофскую тэматыку разважання аб сэнсе жыцця чалавека, якая чырвонай ніткай прайшла праз увесь твор. Усе прысутныя ў зале, несумненна, духоўна ўзбагаціліся пасля прагляду “Соф’і Гальшанскай”.


Паездка была б немагчымай без ініцыятыўнасці і энтузіязму членаў прафсаюзнага камітэта Алы Мікалаеўны Харлап і Ірыны Віктараўны Фурсы. Мы таксама ўдзячны прафсаюзу за забеспячэнне камфартабельным транспартам, які хутка даставіў нас да месца прызначэння і назад. Некаторыя настаўнікі былі са сваімі роднымі і сябрамі. Так што такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць не толькі нашу гімназічную сям’ю, але і сем’і прадстаўнікоў нашага калектыву.


Кожны раз пасля тэатра крышку інакш глядзіш на гэты свет. З’яўляюцца новыя сілы, жаданне дзяліцца сваімі эмоцыямі… Што яшчэ трэба настаўніку для паспяховага працягу педагагічнай дзейнасці?
Кацярына Мінько

 


Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Оценить на Портале рейтинговой оценки качества оказания услуг
alt=“”