Home » Навiны » Восень і паэзія

Восень і паэзія

Літаратурная гасцёўня клуба “Крынічка” 24 лістапада чарговы раз адчыніла свае дзверы для аматараў прыгожага пісьменства і, у прыватнасці, паэзіі. Восень 2018 года стала ўраджайнай на юбілеі вядомых беларускіх паэтаў. Сяргей Грахоўскі і Анатоль Грачанікаў, Ніна Мацяш і Эдзі Агняцвет, Яўгенія Янішчыц і Леанід Пранчак… Гэтыя імёны вядомы кожнаму, хто любіць беларускую паэзію. Шмат песень напісана на вершы гэтых славутых класікаў ХХ стагоддзя.
Васьмікласнікі, якія цяпер якраз вывучаюць раздзел “Лірыка” па беларускай літаратуры, прыйшлі на пасяджэнне клуба “Крынічка” і не пашкадавалі, бо даведаліся цікавыя факты пра паэтаў-юбіляраў, зачыталі свае любімыя вершы. Часцей за ўсё гучала чароўная інтымная лірыка, знайшлося месца і філасофскай. Усё гэта адбывалася ў нязмушанай атмасферы за кубачкам цёплай гарбаты.
Вучні былі здзіўлены, што Сяргей Грахоўскі быў вымушаны шмат гадоў правесці ў няволі, але моцны духам і любоўю да бацькоўскай зямлі, якая жыла ў сэрцы, паэт выжыў, выстаяў, з годнасцю вярнуўся ў літаратуру і да апошніх сваіх дзён не страціў высокага творчага гарэння, пакінуў нам глыбоказмястоўныя вершы, паэмы, апавяданні, аповесці, эсэ, пераклады, успаміны, дзіцячыя творы, публіцыстыку.
Чытаючы светлыя вершы Анатоля Грачанікава, звярнулі ўвагу, што яны, мабыць, даюцца яму лёгка. Але ўпэўніліся, што гэта ўяўленне памылковае. Нікому і ніколі прастата не давалася проста.
Ніна Мацяш была прыкавана да інваліднага крэсла большую частку жыцця, але гэтага ніколі не скажаш па яе вершах.
Эдзі Агняцвет называюць “беларускай Агніяй Барто” за яе выдатныя вершы для дзяцей.
У творчасці Леаніда Іванавіча Пранчака ўвасобілася непарыўная сувязь паміж сучаснай беларускай літаратурай і маленькай вёскай Пранчакі, якую ён праславіў сваімі творамі.
Гасцёўня яшчэ не раз запросіць юных філолагаў (тых, хто любіць слова) да сябе. Чакайце і не прапусціце незабыўныя моманты разам з найлепшай лірыкай для душы.
Кацярына Мінько, настаўнік беларускай мовы і літаратуры


Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Оценить на Портале рейтинговой оценки качества оказания услуг
alt=“”