
Чым прывабліваюць конкурсы навучэнцаў нашай гімназіі?Яны развіваюць эстэтычны густ, акцёрскае і рытарычнае майстэрства, асобу навучэнцаў, прыносяць асалоду не толькі ўдзельнікам, але і слухачам.
1 Мая ў святочным гарадскім парку нашага горада навучэнцам была прадастаўлена магчымасць паўдзельнічаць у дзіцячым раённым конкурсе чытальнікаў “Усе прафесіі важныя!”, прымеркаваным да 115-годдзя прафсаюзнага руху Беларусі. Дзякуючы праведзенаму мерапрыемству, дзеці пашырылі кругагляд у свеце прафесій, паглыбілі веды аб творчасці пісьменнікаў, праявілі сябе.
Конкурс чарговы раз пацвердзіў таленты, якімі, несумненна, валодаюць навучэнцы нашай гімназіі. Няпроста было журы выбраць лепшага чытальніка. У кожнае сваё выступленне дзеці ўкладалі глыбокі сэнс, душэўныя перажыванні і памкненні.
Ксяневіч Ксенія, навучэнка, 7”Б” класа, з задавальненнем удзельнічае ў конкурсах падобнага кшталту і паказвае добрыя вынікі. Вось і зараз яна адразу адгукнулася на прапанову прыняць удзел у мерапрыемстве. Без доўгіх разважанняў быў выбраны беларускамоўны верш “Настаўнікі не паміраюць…” Генадзя Бураўкіна, з імем якога звязаны выдатныя здабыткі беларускай паэзіі, глыбокае веданне жыцця, разуменне душы чалавека працы, захапленне багаццямі роднай мовы. Ксеніі спадабаўся верш не толькі сваім глыбокім сэнсам, але і свежым, шчырым гучаннем. Ксенія прапанавала і сваёй сястры, Ксяневіч Кіры, навучэнцы 3 “Б” класа, таксама прыняць удзел у конкурсе чытальнікаў, бо справа гэта цікавая і захапляльная.
Навучэнцы нашай гімназіі – таленавітыя артыстычныя чытальнікі, у якіх атрымалася запамінальна перадаць мастацкую задуму аўтараў твораў.
У сваёй узроставай катэгорыі Ксенія заняла прызавое 2-ое месца. Усе ўдзельнікі акрамя дыпломаў і сертыфікатаў атрымалі прыемныя памятныя падарункі.
Мяркую, навучэнкам магчымасць раскрыцца, паказаць свае душэўныя шчырыя памкненні дапамагло роднае беларускае слова, мяккае, простае, мілагучнае.
“Шануйце роднае слова! – заклікала Цётка. – На вас, моладзі, ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей беларускую мову, узбагачаць свой народ знаннем і культурай. Вы здабываеце навуку для сябе, дык дзяліцеся ёю… Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце смеласць усюды голасна казаць па-свойму…”. Напісаны артыкул у далёкім 1912 годзе, але не страціў актуальнасці і сёння.
Прыемна ўсведамляць, што навучэнцы шануюць роднае слова, цвёрдай ступой крочаць у светлую будучыню.
А.А. Аляшэвіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры