Главная » Навiны » Калядная традыцыя

Калядная традыцыя

Канікулы — гэта … А як бы Вы прадоўжылі гэту фразу? Так, гэта  калі ў цябе шмат вольнага часу! Але як яго правесці, кожны вырашае сам: тэлевізар, камп’ютар ці тэлефон і сустрэчы з сябрамі, а можа смех, вяселле, такі доўгачаканы снег, адна з найпрыгажэйшых ёлак краіны … і тэатр. Прагулка па вячэрняму Мінску, навагоднія  дэкарацыі, рознакаляровыя агеньчыкі, музыка і святочныя пастаноўкі на Кастрычніцкай плошчы, а потым – ціхія алеі Аляксандраўскага сквера, заснежаны фантан “Хлопчык з лебедзем”  і такі прыгожы і ўтульны, падобны да скарбонкі, Купалаўскі тэатр і традыцыйнае знаёмства з яшчэ адной легендай беларускай драматургіі – “Паўлінкай”.

У багатым рэпертуары Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы спектакль “Паўлінка” заўсёды стаіць асобна. Кажуць, што гэты спектакль першым мог бы патрапіць у кнігу тэатральных рэкордаў, калі б такая існавала: нідзе ў свеце пастаноўка не жыве на адной сцэне амаль 70 год, выхоўваючы новыя і новыя пакаленні гледачоў і артыстаў. Па ім можна ствараць асобны слоўнік крылатых выразаў ці пісаць падручнік па акцёрскім майстэрстве. “Паўлінка” – гэта легенда беларускага тэатра, якая кожнай хвілінай сцэнічнага дзеяння далучае да нацыянальнай культуры. Найстарэйшы спектакль тэатра карыстаецца вялікай любоўю гледачоў і за доўгія гады свайго існавання ператварыўся ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны. Сакрэт такога ўнікальнага поспеху – у спалучэнні яскравых народных характараў, цікавага сюжету, народных песень і танцаў, мілагучнай мовы класіка беларускай літаратуры і выдатнага майстэрства выканаўцаў. За час існавання спектакля ўдзел у ім бралі некалькі пакаленняў найлепшых артыстаў краіны, а сам ён стаў сапраўднай школай сцэнічнага майстэрства. І менавіта гэтай пастаноўкай у Купалаўскім тэатры штогод адкрываецца новы сезон! Звычайную гісторыю пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра аздобіў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам. Сюжэт просты, зразумелы і цікавы, ёсць над чым і над кім пасмяяцца ад душы. А гэта крылатае “тудэма-сюдэма”!..

Наведайце гэты старэйшы тэатр нашай краіны ў сэрцы сталіцы пад час калядных святаў  і Вы не пашкадуеце!

         Навучэнцы 7х класаў   і іх класныя кіраўнікі Бараўцова В.Л., Доўнар С.У., Паплаўская Г.А., Прыбыльская Н.Л.


Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Оценить на Портале рейтинговой оценки качества оказания услуг
alt=“”
Дз Колледж