
На пачатку зімніх канікул вучні 7-х класаў нашай гімназіі наведалі сядзібна-паркавы комплекс-музей інтэрактыўнай гісторыі ў Суле. Яны так прыгожа распавядалі пра сваю вандроўку, што захацелася і вучням 6 “Б” разам з бацькамі наведаць гэты цудоўны куток гісторыі Беларусі. Так, 5 студзеня мы адправіліся ў падарожжа.
Яшчэ здалёк мы ўбачылі цікавыя старадаўнія будынкі і прыгожыя відарысы.
Вельмі ветліва нас сустракалі эканом і дварэцкі ў старадаўніх касцюмах, з музыкай і прывітальным словам. Эканом хацеў даць нам чароўную мапу (карту) нашага падарожжа па Суле для сустрэчы з Сантам Клаусам, які завітаў у Сулу з нагоды нашай вандроўкі. Але аднекуль з’явілася пачвара (чудовище –рус.) і выкрала мапу. Для таго, каб знайсці мапу, мы ўдзельнічалі ў розных выпрабаванняў квэсту.
Спачатку мы наведалі залу рыцарскай славы, дзе зрабілі паклон каралю, і пазнаёміліся з рознымі відамі старадаўняй зброі. Мы ўявілі і адчулі дух даўно прамінулай эпохі, калі кароль са сваёй світай збіраліся тут, каб удзельнічаць ў паляванні.
Пасля нас навучылі па-сапраўднаму калядаваць. Пераапранулі ў касцюмы, навучылі калядным спевам і гульне на старадаўніх музычных інструментах.
А гаспадыня, дзе нам давялося пакалядаваць, пачаставала нас незвычайна: запрасіла паглядзець беларускую батлейку па матывах старадаўніх традыцыйна-беларускіх Калядных сюжэтаў.
Пасля мы сустрэліся ля вогнішча з самой бабай Ягой, якая пазнаёміла нас з традыцыяй ачышчэння нашых продкаў з дапамогай солі і параіла адказаць на загадкі.
Мы наведалі збройную кузню, дзе каваль нам распавядаў пра сваё майстэрства, і нават навучыў нашага аднакласніка працаваць у кузні з малатком.
Нарэшце, мы атрымалі зброю і перамаглі цмока (дракона)!
Мы знайшлі сваю мапу і завіталі да Санты Клауса! Які павіншаваў нас са Святамі, патаньчыў з намі, паабяцаў, што нашы мары здзейсняцца і раздаў нам падарункі.
Напрыканцы мы паласаваліся шакаладнымі пончыкамі і свежай гарбатай, настоенай на пушчанскіх зёлках.
Так, гуляючы ў прыгожай казцы, мы пазнаёміліся з гісторыяй і традыцыямі нашых продкаў, пранікліся павагай да нашай спадчыны.
Вучні і бацькі 6 “Б” класа, класны кіраўнік Трацэўская Л. Б.




















