Мы жывём ў свеце інфармацыі, у якім трэба ўмець арыентавацца. Менавіта ўменне “фільтраваць” інфармацыю, а не здабываць яе выйшла на першы план у 21-м стагоддзі. Таму тэма чарговай сустрэчы ў межах праекта “ШАГ” была “Мы ў сучаснай медыяпрасторы: павага, бяспека, дакладнасць”.
Спачатку вучням было прапанавана з дапамогай смартфонаў адказаць на пытанне, што для іх з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі. Адказы выводзіліся на экран ў рэжыме рэальнага часу. Інтэрнэт заняў першае месца сярод іншых варыянтаў. Затым класны кіраўнік 10 “А” класа Мінько Кацярына Аляксандраўна выступіла з паведамленнем, у якім звярнула ўвагу на заканадаўчую базу ў сферы інфармацыі, новыя тэрміны, пагрозы, якія тоіць у сабе сусветнае сеціва.
На сустрэчу завіталі госці: начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Васільевіч Лапановіч і начальнік Дзяржынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Мікалаевіч Жэленгоўскі. Сяргей Васільевіч з энтузіязмам адказаў на пытанні вучняў, асвятліўшы тое, як МНС прадстаўлена ў інтэрнэце, як ён асабіста ставіцца да сацыяльных сетак і інш. Паслухаць жыццёвыя парады выступоўцы было надзвычай цікава.
Затым вучні працавалі ў групах над стварэннем калажоў па тэмах “Бяспека ў інтэрнэце: нашы дзеянні”, “Мы ў свеце інфармацыі”. Падчас сумеснай працы дзесяцікласнікі адрознівалі фэйкі (ілжывую інфармацыю) ад сапраўдных фактаў і з апошніх стварылі калажы, які абаранілі прадстаўнікі кожнай групы. Вучні пазнаёміліся з новымі словамі і паняццямі: кіберрэпутацыя, кібербулінг, грумінг, буліцыд, гіпретэкст, медыякультура і інш., прававымі аспектамі стварэння кантэнту ў інтэрнэце.
Безумоўна, сустрэча прайшла з карысцю. Будзем спадзявацца, што ў жыцці гэтыя веды дапамогуць будучым выпускнікам камфортна і бяспечна адчуваць сябе ў асяроддзі сучаснай медыяпрасторы.
Мінько К.А., класны кіраўнік 10 «А» класа