У пятніцу, 12 сакавіка, Дзяржынскі гарадскі дом культуры гасцінна расчыніў свае дзверы для ўдзельнікаў выніковага савета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме. Праграма яго правядзення была насычанай. У яе ўвайшла цырымонія ўскладання кветак ад імя ўдзельнікаў савета да стэлы Вызваліцеляў на Алеі Герояў, а таксама праца выставы ўстаноў адукацыі “Памятаючы і захоўваючы традыцыі, працуем на вынік сёння, глядзім у будучыню”. Выстава была багатая на дасягенні адукацыі раёна, унікальныя ў кожнай ўстанове метадычныя прадукты, арыгінальныя прэзентацыі педагагічных калектываў. Дастойнае месца ў ёй заняла і гімназія г.Дзяржынска, прадставіўшы рукатворны “Летапіс гімназіі”, кнігу пра настаўнікаў, ралап “25 прычын быць з намі”, фотапост “Яркія моманты гімназічнага жыцця за 2020 год”. Падчас знаёмства з выставай адбыўся інтэрактыў паміж начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалаем Мікалаевічам Башко і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі.
Далей прайшло пленарнае засяданне выніковага савета, на якім вынікі дзейнасці сістэмы па павышэнні даступнасці і якасці адукацыі за мінулы год падвяла начальнік раённага аддзела па адукацыі Галіна Уладзіміраўна Гапанькова. Перадавым эфектыўным вопытам ў развіцці сацыяльна паспяховай асобы дзіцяці падзялілася з прысутнымі прадстаўнікі найбольш паспяховых устаноў адукацыі раёна. Сярод іх – настаўнік матэматыкі і кіраўнік STEAM –цэнтра нашай гімназіі Анжэла Міхайлаўна Няфёдава. Яна азнаёміла педагагічную грамадскасць з ходам рэалізацыі ў ёй мадэлі STEAM-адукацыі: коратка ўвяла прысутных у сутнасць тэміна “STEAM-адукацыя”, пералічыла ўжо рэалізаваныя ў гімназіі праекты: “5Э, ці Навагодні настрой”, “Падарунак у стылі STEAM”, “Матэматычны арт-музей”, “Пясок як мінеральны рэсурс”, “Салодкае жыццё”, “Горад радасці”, “Утульны дом”, “Сляды вайны на Дзяржыншчыне” і інш. Больш падрабязна Анжэла Міхайлаўна спынілася на праекце “Дзяржыншчына за 10 дзён” – завочным паходзе па малой радзіме. Выкарыстоўваючы сучасныя гаджэты, удзельнікі праекта лічылі крокі, пройдзеныя за дзень, і будавалі свой індывідуальны маршрут па вывучэнні прапанаваных аб’ектаў, указваючы іх на карце. Вынікі заносіліся ў дзённік падарожніка. Вучні таксама прыдумалі гербы тых населеных пунткаў, дзе “пабывалі”. Былі агучаны шматлікія станоўчыя вынікі праекта, выражаныя ў фактах і лічбах. На яго звярнула ўвагу старшыня Мінскага абласнога прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі Таццяны Валянцінаўны Апраніч, якая пераканаўча параіла распаўсюдзіць гэты вопыт на вобласць і ўкараніць у практыку работы з моладдзю.
З аналізам дадатных бакоў і тых месцаў, на якія трэба звярнуць увагу ў сістэме адукацыі раёна, выступіў М. М.Башко. З натхняльнымі словамі да ўдзельнікаў звярнуўся старшыня раённага савета дэпутатаў Аляксандр Сяргеевіч Чаган.
Працягнулася пасяджэнне цырымоніяй узнагароджвання педагагічных работнікаў і пераможцаў раённага конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі” па выніках 2020 года. Сярод узнагароджаных граматамі і дыпломамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама было нямала членаў калектыву гімназіі: намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Галіна Яўгеньеўна Мігура, настаўнік беларускай мовы Алена Іванаўна Волчанка, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Хацкевіч Ігар Станіслававіч, настаўнік хіміі Беланожка Алена Іванаўна. Ганаровай граматай упраўлення Дзяржынскага райвыканкама была ўзнагароджана настаўнік англійскай мовы Таццяна Васільеўна Ракава, настаўнік біялогіі і хіміі Святлана Уладзіміраўна Слінка, настаўнік інфарматыкі Ларыса Браніславаўна Трацэўская.
Дырэктар гімназіі Людміла Станіславаўна Паўхлеб атрымала кубак, дыплом, сертыфікат, падзяку кіраўніка і шыльду “Лепшая ўстанова адукацыі” за перамогу ў намінацыі “Лепшая гімназія”. Акрамя таго, прафсаюзная арганізацыя гімназіі была ўзнагароджана за перамогу ў абласным конкурсе стварэння лепшых сацыяльна-бытавых умоў для сваіх работнікаў.
Віншуем нашых калег і ўвесь калектыў з заслужанымі ўзнагародамі і жадаем далейшых поспехаў!
Мінько К.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры