4 мая ў гімназіі стартавала абласная прафсаюзная акцыя-дыктант «Быць вартымі Вялікай Перамогі». У яе межах 5-6, 11 класы, педагогі і супрацоўнікі гімназіі напісалі дыктанты па прапанаваных тэкстах, прысвечаных падзеям Вялікай Айчыннай вайны. 5 мая да прафсаюзнага дыктанта далучыліся вучні 7-10 класаў, настаўнікі, іншыя супрацоўнікі гімназіі і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі Аляксандр Міклаевіч Ляўко. «Начны бой» , «Званы Хатыні», «Герой», «Хлеб-соль»… Дыктанты на розныя тэмы, звязаныя з вайной, прымусілі ўдзельнікаў акцыі задумацца пра тую цану, якую заплацілі нашы продкі за мір і свабоду. Удзельнікі акцыі паўтарылі беларускую арфаграфію і пунктуацыю. Па прызнанні Аляксандра Мікалаевіча, ён не пісаў дыктантаў з часу заканчэння 10 класа. Усяго ў акцыі прынялі ўдзел каля 300 чалавек.
Мінько К.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры