Главная » Навiны » Ад крынічкі — да мора

Ад крынічкі — да мора

(настаўнікі беларускай мовы і літаратуры —  аб некаторых выніках прадметнага тыдня клуба «Крынічка») 

 
Як заўжды, актыўна і насычана прайшоў Тыдзень клуба «Крынічка» ў гімназіі г.Дзяржынска. Можна сказаць, што пралогам да яго стаў лінгвістычны конкурс «Буслік», які пісалі вучні ў чацвер, 18 лютага. Цікавыя заданні, шмат удзельнікаў, актыўнае абмеркаванне пасля конкурсу — усё гэта штогадова прыцягвае да «Бусліка» новых удзельнікаў.
Сам жа Тыдзень распачаўся 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы. У гонар свята вучні і настаўнікі ўдзельнічалі ў акцыі  Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта «Дыктоўка.бай», а таксама ў чэленджы «Мая мова — мой скарб», дзе здымалі відэа з беларускімі вершамі пра родную мову. 
У гэты ж дзень вучнi 6 «М» класа пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Р.Г.Рудэнка далучыліся да гiмназiчнага  свята Роднай мовы, падрыхтаваўшы гутарку-экскурс пра Мiжнародны дзень роднай мовы, а таксама выступiўшы з паведамленнямi аб першадрукарах Францыску Скарыне, Ефрасінні Полацкай, Кірыле Тураўскім i iншых славутых дзеячах зямлi беларускай. 
Падчас знаёмства з жыццём і дзейнасцю тых, хто садзейнічаў развіццю беларускага пісьменства і асветы, вучнi яшчэ раз пераканалiся, што родная мова – бясцэнны скарб, якім мы павінны ганарыцца і шанаваць.
«У Дзень роднай мовы,21 лютага, хочацца асабліва і запамінальна праводзіць заняткі з вучнямі»,- лічыць настаўнік беларускай мовы і літаратуры А.Я.Хацкевіч. Так, у гэты дзень яе вучні патрапілі на моўную гульню ,,Ягаднае і кветкавае асарці». Па апісанні яны павінны былі здагадацца, пра якую кветку і ягаду ідзе размова, называючы яе па-беларуску. Такім чынам ішло замацаванне ведаў па тэме ,,Прыметнік», а таксама ,,Род і лік назоўнікаў». Вучні яшчэ раз пераканаліся: колькі цудоўных слоў у нашай роднай мове, не  трэба абмінаць іх. «Давайце размаўляць па-беларуску!» — гучаў заклік на гульнявым ўроку.
У вучняў 5-х класаў урок беларускай літаратуры Волчанка А.І. прайшоў у форме пасяджэння клуба вясёлых і знаходлівых пад назвай «Слова аб роднай прыродзе». Пяцікласнікі прыдумалі назвы сваім камандам, выразна чыталі вершы пра беларускую прыроду, дэманстравалі малюнкі, гаварылі аб лекавых раслінах, прапаноўвалі свае спосабы захавання роднай прыроды. Усё вучні цудоўна падрыхтаваліся. Дзесяцікласнікам, якія былі членамі журы,  было даволі складана вызначыць пераможцаў. І ўсё ж яны справіліся з гэтай задачай. Хочацца верыць, што вучні вынеслі з урока асноўны вывад: прырода — наш агульны дом, у якім нам утульна і які мы павінны захаваць для будучых пакаленняў. Як і родную мову…
У аўторак увечары аматары тэатра з 11-х класаў гімназіі разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Мінько К.А. наведалі Вялікі тэатр оперы і балета для прагляду оперы «Дзікае паляванне  караля Стаха». Старшакласнікі былі ўражаны дзеяннем, галасамі, аркестрам і дэкарацыямі. Пасля оперы абмяркоўвалі розніцу паміж кнігай У.Караткевіча і пастаноўкай. Вечар па-сапраўднаму культурна ўзбагаціў усіх.
У сераду ў 7-х класах прайшла віктарына «Па старонках мінуўшчыны». А.Я.Хацкевіч нагадала вучням аб тым, што 2022 год — Год гістарычнай памяці, і абавязак кожнага з нас — берагчы яе.
У пятніцу пяцікласнікі пагулялі ў моўныя гульні з Мінько К.А., у 7 «М» класе адбылася інсцэніроўка апавядання З.Бядулі «На Каляды к сыну», а 8 «А» клас спяваў пад гітару любімыя беларускія песні». У гэты ж дзень у вучняў 9-х класаў адбылася чытацкая канферэнцыя «Кніга — гэта  цуд!» пад кіраўніцтвам А.І. Волчанка. Вучні расказвалі пра свае любімыя кнігі, стараліся іх так прэзентаваць, каб зацікавіць аднакласнікаў, каб ім таксама захацелася прачытаць гэтыя кнігі. Наколькі ж разнастайныя, цікавыя, сур’ёзныя творы чытаюць сучасныя падлеткі.
На працягу тыдня на 2 паверсе гімназіі праходзіла выстава праектаў да дня роднай мовы, з якой маглі азнаёміцца ўсе жадаючыя.
На жаль, хвароба настаўніка Р.Г.Рудэнка не дазволіла ёй правесці ўсе запланаваныя мерапрыемствы. Аднак яны абавязкова пройдуць на бягучым тыдні: і відэафлэшмоб,  і турнір «Знаўцы роднай мовы», і акцыя «Мультфільмы па-беларуску»…
Аб мерапрыемствах настаўнікаў рускай мовы і літаратуры можна даведацца з асобнага артыкула на сайце гімназіі.

Спадзяёмся, што такія цёплыя і зацікаўленыя адносіны да роднай мовы вучні будуць захоўваць не толькі падчас прадметнага тыдня, а на працягу ўсяго навучальнага года. І што выхадцы клуба «Крынічка» з часам панясуць свае веды і ўменні ў рэкі свайго жыцця, якія ў сваю чаргу абавязкова ўпадуць у агульначалавечае мора паспяховасці і самарэалізацыі. 
 
Мінько К.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры
 

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Оценить на Портале рейтинговой оценки качества оказания услуг
alt=“”
Дз Колледж