
Прыемны сюрпрыз для аматараў тэатра падрыхтаваў Дзяржынскі гарадскі дом культуры. У сераду, 23 сакавіка, бессмяротная п’еса «Паўлінка» Янкі Купалы завітала ў Дзяржынск! І васьмікласнікі гімназіі г.Дзяржынска вырашылі не толькі прачытаць гэты праграмны твор, але і сустрэцца з яго героямі на тэатральнай сцэне. Сакавітая беларуская мова, народныя песні і танцы зачаравалі гледачоў.
Дзеянне п’есы захапіла вучняў сваім народным гумарам, іскрыстым смехам, звонкімі галасамі і выдатнай ігрой акцёраў. На прадстаўленні прысутнічалі і прадстаўнікі адміністрацыі гімназіі: дырэктар Л.С.Паўхлеб, яе намеснікі Г.У.Вялічка і С.І.Паўлоўская. Поўная зала Дома культуры і шмат кветак для акцёраў паказалі, што дзяржынцы цэняць класічнае мастацтва. Усе пакідалі ГДК з прыўзнятым настроем.
На наступны дзень вучні актыўна абмеркавалі прагледжаны спектакль. Меркаванні былі розныя, назіранні вучняў цікавыя. Сучасная моладзь па-свойму разумее твор, напісаны больш за 100 гадоў назад. Галоўнае ж — ён і сёння выклікае непадробныя эмоцыі.
Мінько К.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры




