Карысна, весела і пазнавальна правялі свае зімовыя канікулы вучні 6 “М” класа. У гімназіі 27 снежня адбыўся традыцыйны навагодні брэйн-рынг, на якім яны змаглі напоўніцу павесяліцца, праявіць сваю эрудыцыю, а таксама творчыя здольнасці падчас выканання музычнага віншавальнага нумара-падарунка для ўсіх прысутных. 3-е месца ў спаборніцтве, несумненна, узрадавала нас.
29 снежня вучні змаглі наведаць кінатэатр “Эра” і паглядзець анімацыйны фільм “Тры багатыры і падводны цар”.
3 студзеня мы паехалі на экскурсію ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Чаму менавіта туды? Прычын тут некалькі: нядаўняе 125-годдзе з дня нараджэння пісьменніка, завяршэнне рамонту ў музеі, а таксама маляўнічае Траецкае прадмесце, у якім той знаходзіцца. Усім даспадобы прыйшлася 45-хвілінная экскурсія, падчас якой таленавіты экскурсавод не даваў сумаваць, уражваючы нас чарговым незвычайным фактам з жыцця і творчасці паэта. Здзівілі нас вірыны і люстэркі, якія “ажывалі” ад націску нябачных кнопак. Вучні змаглі віртуальна “пагартаць” адзіны прыжыццёвы зборнік М. Багдановіча “Вянок”, а ў апошняй зале – нават пачуць шум мора і крыкі чаек, каб “перанесціся” ў Ялту, дзе прайшлі апошнія дні паэта.
Зімовыя канікулы ўзбагацілі вучняў 6 “М” духоўна, загартавалі фізічна і ўмацавалі яшчэ больш наш дружны калектыў.
К.А. Мінько, класны кіраўнік 6 «М» класа