Эрудыт-экспрэс прамчаўся па гімназіі з незвычайнай хуткасцю, пакінуўшы пасля сябе яркія ўспаміны, незабыўныя ўражанні і імкненне да пазанання новага. Цэлы вучэбны тыдзень – з 9 па 15 сакавіка – дзень аднаго прадмета змяняўся другім. Эстафету перадавалі ад матэматыкі да інфарматыкі, ад фізікі і біялогіі да славеснасці і гісторыі, а завяршаў цыкл прадметных дзён днём геаграфіі і хіміі.
Весела і запамінальна прайшоў дзень філалогіі і гісторыі (яму быў адведзены аўторак). Вучні і настаўнікі мелі магчымасць бачыць развешаныя на сценах гімназіі “смачныя” словы роднай мовы, значэнне якіх вядома не ўсім (напрыклад, гарбузікі, сцюдзёнка, грачанік, крупеня, ажыны і іншыя). Кожны жадаючы мог паўдзельнічаць у конкурсе “Адгадай аўтара”, прачытаўшы на рэкрэацыі цытаты вядомых беларускіх творцаў. Атрымала перамогу ў гэтым спаборніцтве Юлія Чарнагурская, вучаніца 10 “Б” класа. Акрамя таго, на перапынках трансляваліся відэа пра Францыска Скарыну і прэзентацыя з гульнёй “Назаві адным словам”, праходзіла акцыя “Ведай сваё” (раздаваліся карткі з незвычайнымі і малавядомымі беларускімі словамі – хмарачос, гала, зэдлік, вітанкі, далькажык і падобныя). Падчас урокаў і пасля іх прайшлі займальныя мерапрыемствы па рускай, беларускай мове і літаратуры, а таксама па гісторыі: вусны часопіс «Учёные-лингвисты» (6-9 класы), віктарына «Тайна значения слова» (5-ыя класы, дыялог-роздум «Слова драгоценного дар» (8-9 класы), інтэлект-конкурс “Я люблю Беларусь” (8-ыя класы), віктарыны “Старонкамі роднага краю” і “У краіне Беларускамовіі” (5-11 класы), літаратурная крыжаванка (5-9 класы), цытатнік “Прачытай і перадай другому” (10-11 класы) і інш. Значную актыўнасць выклікаў ў вучняў 6-ых, 7-ых класаў турнір “Што? Дзе? Калі?”. У ім прынялі ўдзел 6 каманд. Пытанні па этнаграфіі, фальклору і літаратуры прымусілі юных эрудытаў успомніць усё, што яны вывучалі раней. У выніку пераможцай стала каманда 6 “Б” класа, 2-е месца заняў 6 “В”, 3-е раздзялілі 7 “Б” і 7 “М” класы. Ім былі ўручаны граматы і салодкія прызы. Разыходзіліся ўдзельнікі турніру поўнымі станоўчых эмоцый і энтузіязму яшчэ ўдзельнічаць у мерапрыемствах падобнага кшталту. Усе настаўнікі метадычнага аб’яднання гуманітарных дысцыплін унеслі значны ўклад у тое, каб дзень філалогіі і гісторыі стаў запамінальным, цікавым і напоўненым увагі да іх прадметаў. Эрудыт-экспрэс прамчаў, але абяцаў вярнуцца…
К. А. Мінько, настаўнік беларускай мовы і літаратуры