Home » Навiны » Займальнае падарожжа ў Дудзінкі

Займальнае падарожжа ў Дудзінкі

 Канікулы – гэта час на адпачынак, на роздум і на падарожжы. 5 лістапада вучні 5а, 5б, 5в і 8а класаў наведалі незвычайнае месца – горад Барысаў.

Вы спытаецеся, што там незвычайнага? Адно толькі тое, што экскурсія наша праходзіла на беларускай мове, – ужо незвычайна . Ледзь толькі мы патрапілі ў аўтобус, як пачулі прыветлівы голас экскурсавода Іны. Яна  павіталася з усімі па-беларуску, спытала дазволу праводзіць свой экскурс менавіта такім чынам, і ніхто ёй не пярэчыў. Як мілагучна ліецца беларуская гаворка, так “ пацякло” і наша падарожжа.

Падчас ваяжу Іна распавядала пра самыя старажытныя гарады і іх гісторыю, пра самыя вялікія рэкі Беларусі і месца іх знаходжання. Такім чынам, гэта была не проста вандроўка, а яшчэ і вывучэнне гісторыі і геаграфіі роднага краю.

Першым прыпынкам для нас стаў краязнаўчы музей г.Барысава. Музей шыкоўны –  раім усім. Тут прадстаўлены экспазіцыі, пачынаючы з самага заснавання горада да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Але найбольшая ўвага была надзелена вайне 1812 года. Вялікая колькасць гістарычных дакументаў, зброя, адзенне,  галаўныя ўборы і нават некаторыя асабістыя рэчы салдат той эпохі змаглі ўбачыць мы на свае вочы.

Шырока прадстаўлена ў музеі і кнігадрукаванне: бібліі розных канфесій, зробленыя на пергаменце, папірусе, папяровых аркушах, і ўсё ў арыгінальную велічыню; прылады, з дапамогай якіх манахі перапісвалі кнігі і інш.

Другім прыпынкам было мястэчка пад назвай Дудзінка. Месца казачнае: сасновы бор, паветра чыстае, цішыня, нават дождж, што быў нашым спадарожнікам, суцішыўся, каб мы адчулі ўсю асалоду гэтага месца. Сустрэлі нас гаспадары ў адзенні качавых плямёнаў: эскімосаў і індзейцаў. Усе разам мы выканалі рытуальны танец, пасля адбыўся танцавальны батл паміж камандай дзяўчат і хлапцоў. Далей нас разбілі на дзве групы і правялі экскурсію ў юрты, жыллё гэтых качавых народаў. Тут мы даведаліся, што нельга станавіцца на парог жылля, трэба абавязкова яго пераступіць, а пасля туды ўваходзяць старэйшыя, за імі дзяўчаты, а толькі потым юнакі. Мы дакрануліся да традыцый гэтых народаў, да іх культуры і нават паўдзельнічалі ў шаманскім рытуале.

Адной з частак нашай сустрэчы было знаёмства з сабакамі пароды Хаскі. Дзіўная істота… Здаецца, увесь час пры чалавеку, служыць яму, дапамагае і пры гэтым не адчувае сувязі са сваім гаспадаром. Сабакі гэтай пароды вельмі добрыя, паслухмяныя, але не прывязаны да аднаго месца, па гэтай прычыне гаспадары трымаюць іх на ланцугу. Між тым, судзячы па характарыстыцы качавых народаў, Хаскі вельмі падобны да сваіх гаспадароў: у іх няма прывязанасці да пэўнага месца або да пэўнага чалавека, таму яны і качуюць. Але нам удалося пазнаёміцца з гэтымі дзіўнымі жывёламі, пагладзіць іх, сфатаграфавацца і нават пачуць “сабачы бунт”.

Апошні прыпынак, магчыма, самы прыемны на прыканцы нашага падарожжа, прыпаў на рэстаран, дзе нас пачаставалі смачным пірагом і кубачкам гарбаты. Пасля змораныя, але шчаслівыя мы рушылі да аўтобуса. Па дарозе дамоў мы спявалі песні сучасныя, моладзевыя, і беларускія, што выконвае група “Песняры”. А пасля ў цёплай гутарцы з суседам мы паспяхова даехалі да роднага горада Дзяржынска, развіталіся з экскурсаводам і нашым кіроўцам. Вось такое займальнае і цікавае падарожжа ў нас атрымалася.

                                      Хацкевіч А.Я.(класны кіраўнік 5а класа)

 


Leave a comment

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Герб i Сцяг

Спасылкі

Cайт Президента Республики Беларусь
ГИАЦ МО РБ
Комитет по образованю МИНГОРИСПОЛКОМА
Официальный сайт Дзержинского райисполкома
АДУКАЦЫЙНЫ ПАРТАЛ
Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь