
9 верасня у межах Тыдня здароўя і спорту ў гімназіі прайшоў незвычайны шахматны рухомы перапынак. Падчас яго хлопчыкі і дзяўчынкі мелі магчымасць пагуляць у любімую гульню за свабоднымі дошкамі. А затым усіх чакаў сюрпрыз: на вялікім шахматным полі з’явіліся “жывыя” фігуры пешак, коней, ферзяў, караля і каралевы… (З іх роляй выдатна справіліся пяцікласнікі). І камусьці нават пашанцавала пагуляць у шахматы ў такім фармаце. Эмоцыі былі самыя станоўчыя. Такі перапынак, безумоўна, вучням запомніцца надоўга!
Увогуле ж шахматы – гэта трэнажор для мозгу, які павялічвае інтэлектуальныя здольнасці чалавека. Многія вядомыя філосафы, вучоныя, палітыкі, музыкі, мастакі адзначалі вялікую карысць ад гэтай гульні. Падчас яе ідзе гарманічнае развіццё як правага, так і левага паўшар’я галаўнога мозгу, развіваецца і лагічнае, і абстрактнае мысленне. Калі дзіця гуляе ў шахматы, яно вучыцца канцэнтраваць сваю ўвагу, паляпшае памяць і мысленне, у яго фарміруецца эмацыйная ўстойлівасць, воля, імкненне да перамогі. А пройгрышы вучаць стойка перажываць і атрымліваць вопыт самааналізу.
Гуляйце ў шахматы з задавальненнем і карысцю для сябе!
Мінько К.А.

























