
Ёсць такое выказванне «Без памяці няма сумлення». Так! Калі мы не будзем помніць мінулае, ведаць сваю родную гісторыю, якімі мы тады будзем?
Сёння, 3 верасня, вучні 4″А», 4″Б» і 4″В» класаў адправіліся на экскурсію па гістарычных мясцінах роднага горада.
Адпраўной кропкай стаў помнік Ф.Э.Дзяржынскаму, палітычнаму дзеячу, рэвалюцыянеру. Менавіта яму наш горад абавязаны сваёй назвай.
Першым прыпынкам нашага падарожжа стала Свята-Пакроўская царква. Храм быў пабудаваны ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. У 1836 годзе быў закрыты, аднак праз некалькі гадоў багаслужэнні аднавіліся. Больш храм не спыняў сваёй дзейнасці.
Рухаемся далей. І наступны прыпынак — касцёл Святой Ганны, пабудаваны ў 1439 годзе.
Храм неаднаразова разбураўся і аднаўляўся. Некаторы час у яго сценах размяшчаўся Дом культуры, музычная школа. Зараз храм адкрыты для веруючых.
Наступны прыпынак — мемарыял «Абарванае жыццё», прысвечаны вязням гетта. На гэтым месцы ў 1941 годзе было расстраляна каля 1600 яўрэяў. Скульптурная кампазіцыя складаецца з двух аб’ектаў і сімвалізуе ідэю абарванага жыцця.
Апошні прыпынак нашай вандроўкі — Гаштольдава гара — старажытнае гарадзішча, на якім стаяў Койданаўскі замак і Кальвінскі збор. Не раз Гаштольдава гара станавілася цэнтрам баявых дзеянняў. Сёння на гэтым месцы захаваліся толькі рэшткі былой моцы — камяні, якія засталіся ад фундамента і мемарыяльная пліта.
На гэтым мы сваю вандроўку прыпыняем. Да сустрэчы!
Гудвіловіч С.М., Мазур Н.І., Русель Ж.Ж.







