
Пачатак новага навучальнага года адзначыўся для пяцікласнікаў гульнёй-квэстам патрытычна-духоўнай накіраванасці «Па сцяжынках роднага краю», які адбыўся на ўтульнай тэрыторыі гімназіі г.Дзяржынска. 5 каманд прайшлі выпрабаванні на 5 станцыях.
На лакацыі «Гара Дзяржынская» вучні рашалі геаграфічныя задачы, разгадвалі рэбусы, працавалі з картамі, як сапраўдныя турысты-даследчыкі. Тут была магчымасць праявіць свае веды пра родны край, родную Дзяржыншчыну.
На станцыі «Мудрыя дарадцы» ўдзельнікі квэсту далучыліся да мудрасці беларускага пра каштоўнасці роднай зямлі праз аднаўленне рассыпаных прыказак. Паловы іх, злучаючыся ў адзінае цэлае, навучылі хлопчыкаў і дзяўчат працаваць у камандзе і быць не толькі кемлівымі, але і рухавымі!
На станцыі «Патаемная Беларусь» вучні змаглі адказаць на пытанні пра гісторыю і культуру нашай краіны, а таксама сабралі карту флоры і фаўны Беларусі.
На станцыі «Гістарычная мазаіка» вучні збіралі пазлы з выявамі вядомых беларускіх архітэктурных помнікаў. Дзеці не толькі здолелі сабраць правільна ўсе выявы, але і з лёгкасцю назвалі ўсе выбітныя месцы нашай Радзімы.
Станцыя «Загадкі з беларускай хаткі» прымусіла задумацца над адгадкамі старажытных і сучасных народных загадак, што было няпроста, аднак нашым вучням усё аказалася пад сілу!
Па выніках квэста пераможцам стала каманда 5 «А» класа, 2 месца заняў 5 «М» клас, 3 — 5 «В» клас! Усіх удзельнікаў чакалі салодкія прызы.
Спадзяёмся, што такі яскравы пачатак навучальнага года дасць зарад пяцікласнікам лёгка перанесці адаптацыю і з радасцю ўліцца ў вялікі і дружны калектыў сярэдніх класаў гімназіі!
Класныя кіраўнікі 5 класаў









