
Спалучэнне роднага слова з іншымі відамі мастацтва заўсёды зачароўвае. Што можа быць лепшым, чым адзначыць свята роднай мовы, сабраўшы яе аматараў, прафесіяналаў сцэны і ўплывовых асоб дзяржавы ў адным месцы і з адной мэтай — атрымаць асалоду ад гучання беларускага слова і музыкі?..
21 лютага настаўнікі гімназіі прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім мерапрыемстве Грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы, «Мелодыка маёй душы», якое адбылося ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Са сцэны гучалі беларускія вершы разнастайнай тэматыкі ад паважаных гасцей (кіраўнікоў і медыйных асоб), народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч, прадстаўнікоў розных прафесій з усёй краіны і жывая музыка ў выкананні тэатральнага аркестра. Таксама гледачам паднеслі сюрпрыз сваім нумарам акцёры балета Вялікага тэатра Беларусі.
Гэта быў рэжысёрскі дэбют Ільі Крука — акцёра тэатра Янкі Купалы.
У ліку выступоўцаў была сям’я Мінько Кацярыны Аляксандраўны, настаўніка беларускай мовы і літаратуры гімназіі г.Дзяржынска. Яна зачытала вершы «Мой край» і «Роднае слова» Аксаны Яўгеньеўны Хацкевіч — педагога гімназіі, удзельніцы паэтычнага клуба «Выток». У зале прысутнічала вялікая дружная група падтрымкі — члены «БСЖ» Дзяржынскага раёна. Выказваем падзяку кіраўніцтву гэтай грамадскай арганізацыі за цудоўную магчымасць прымаць удзел у свяце. «БСЖ» робіць сапраўды многае для папулярызацыі роднай мовы і сямейнага чытання.
Словы беларускіх пісьменнікаў і мелодыі беларускіх (і не толькі) кампазітараў яшчэ доўга гучалі ўнутры гледачоў і ўдзельнікаў свята. Мерапрыемства пакінула надзвычай светлае ўражанне і здолела закрануць струны душы ўсіх прысутных.








