
У пачатку 20 стагоддзя ў беларусаў яшчэ не было сваёй дзяржавы, аднак актыўна развівалася літаратура на беларускай мове. Станаўленню многіх пісьменнікаў спрыяў перыядычны друк. Асабліва значнае месца ў ім займала газета «Наша ніва», якая выдавалася з 1906 па 1915 гады. Гэты перыяд у гісторыі беларускай літаратуры яшчэ называюць «нашаніўскім». Купала,Колас, Цётка, Багдановіч, Дубоўка, Гарун і многія іншыя актыўна друкаваліся ў гэтай газеце. Менавіта іх вершы былі ў цэнтры ўвагі ў літаратурнай гасцёўні клуба «Крынічка» ў суботу, 22 лістапада. Вучні чыталі свае любімыя вершы «нашаніўскіх» пісьменнікаў, дзяліліся сваімі думкамі наконт іх. Пасяджэнне прайшло ў змешаным фармаце: частка вучняў прысутнічала ў кабінеце, частка прымала ўдзел дыстанцыйна (з дапамогай платформы zoom). Дзіўна, але вершы, напісаныя стагоддзе і больш назад, гучалі надзвычай актуальна. Хаця чаму здзіўляцца: гэта ж нашы прызнаныя класікі. Галоўнае ж, што і сённяшнія дзесяцікласнікі нераўнадушныя да творчасці тых, хто не толькі пакінуў пасля сябе ўзоры лірыкі, але і сваёй дзейнасцю ствараў нашу дзяржаву — незалежную Беларусь.
Мінько К.А, настаўнік беларускай мовы і літаратуры
OLYMPUS DIGITAL CAMERA